Магілёўскія прадпрыемствы скарачаюць працоўны час
Пра гэта сцвярджаюць кіраўнікі незалежных прафсаюзаў горада.
Эканамічны крызіс дабраўся да магілёўскіх прадпрыемстваў. Завод “Чырвоны металіст” пераходзіць на 7-гадзінны працоўны дзень, на магілёўскім аўтазаводзе імя Кірава працуюць няпоўны тыдзень, а “Сапатэкс” перыядычна стаў працаваць 2/3 ад працоўнага часу — няма сыравіны. Няпоўны працоўны тыдзень таксама на Магілёўскім домабудаўнічым камбінаце і заводзе “Строммашына”.
Не лепшая сітуацыя і ў прыватных прадпрымальнікаў: выручка ў некаторых абвалілася ў тры разы, і заробак у лепшым разе складае 300-400 долараў у месяц.
Супрацоўнікаў “Белбакалеі” перавялі на "голы" аклад, які складае крыху больш за 2 млн рублёў. Акрамя таго іх прымушаюць пісаць заявы на пяцідзённы адпачынак за свой кошт.
Знізіліся і заробкі. На “Магілёўтрансмашы” за студзень зваршчыкі атрымалі толькі 1,2 млн рублёў.
Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі лічыць, што прычына крызісу магілёўскіх прадпрыемстваў у тым, што большасць з іх арыентуецца на расійскія рынкі збыту.
Мігурскі: "Усе праблемы, якія ёсць у расійскай эканоміцы, яны не толькі перадаюцца — яны памнажаюцца ў Беларусі. Практычна ўсе нашы прадпрыемствы маюць прадпрыемствы-дублёры ў Расіі, бо Расія стварае сваю прамысловасць ва ўсіх напрамках. Гэта не зусім добра для Расіі, а не толькі Беларусі. Расія магла б выкарыстоўваць патэнцыял беларускіх прадпрыемстваў".
Фота — slawyanka.info