Лыжароллерамі Лукашэнкі займаецца старшыня КДБ

Аляксандр Лукашэнка даручыў наладзіць у краіне вытворчасць лыжаролераў, лыжных чаравікаў і ратракаў (гусенічны транспарт для падрыхтоўкі лыжных трас). Такое заданне ён агучыў падчас размовы з алімпійскімі і паралімпійскімі чэмпіёнамі Беларусі 29 сакавіка.
"Я даручыў зрабіць свае лыжаролеры старшыні Назіральнага савета Вакульчыку. Ён зараз гэтым займаецца", — перадае БЕЛТА прызнанне Лукашэнкі. Нагадаем, што Валерый Вакульчык з'яўляецца не толькі старшынёй Назіральнага савета Беларускай федэрацыі біятлона, але і кіраўніком КДБ.
Вытворчасцю лыжных чаравікаў для спартсменаў-пачаткоўцаў мусіць заняцца кампанія "Марка", а канструктары Мінскага трактарнага завода ўжо распрацоўваюць ратракі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ўся такая вытворчасць мусіць быць арганізаваная ўнутры краіны.