Лукашэнку запрасілі наведаць Сербію, у Мінск прыедзе “спецпрадстаўнік”

Аляксандра Лукашэнку запрасілі наведаць Сербію з афіцыйным візітам. 28 сакавіка ён правёў тэлефонную размову з сербскім прэзідэнтам Аляксандрам Вучычам, які і перадаў яму запрашэнне (канкрэтная дата стане вядомая пазней). Кіраўнікі Беларусі і Сербіі абмеркавалі стан адносін краін і перспектывы іх развіцця. Вучыч папрасіў Лукашэнку прыняць яго спецпрадстаўніка, які прыедзе ў Беларусь у бліжэйшыя дні, інфармуе БЕЛТА. З якой мэтай прыязджае згаданы “спецпрадстаўнік”, невядома.
Лукашэнка наведваў Сербію з афіцыйным візітам у 1998, 1999, 2009 і 2014 гадах. Тройчы наведваў Беларусь ранейшы прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч, апошні раз — у траўні 2017 года, калі прыляцеў не на ўрадавым самалёце, а на звычайным рэйсе. А вось цяперашні сербскі прэзідэнт Аляксандр Вучыч у нашай краіне быў у студзені 2017-га, яшчэ ў якасці прэм’ер-міністра.