Лукашэнка заявіў, што не адпусціць Бакіева ў Кыргызстан

Курманбек Бакіеў

Курманбек Бакіеў / Беларусь 1

У Беларусі выдатныя адносіны з Кыргызстанам, але экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева, які ўцёк у 2010 годзе, афіцыйны Мінск не выдасць. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў у Бішкеку.

"Бакіеў таксама добра жыве. Нармальна. Мы яго да вас не адпусцім ўжо. Я яму сказаў: "Ніякіх паездак, хопіць! Жыві ў Беларусі". Нармальна жыве. Я часам бываю ў яго ў гасцях, калі запрашае. Так што мы яго вам не аддамо", — цытуе БЕЛТА выказванні Лукашэнкі.

Таксама ён паведаміў, што былы кыргызскі прэзідэнт "вельмі пакутуе і сумуе" па сваёй краіне і хацеў бы прыехаць на магілу бацькі. "Ну, гэта беспарадак, што кыргызы не могуць дазволіць свайму прэзідэнту прыехаць на магілу бацькі. Думаю, мы вырашым гэтае пытанне з цяперашнім кіраўніцтвам", — заявіў Лукашэнка.

Між тым улады Кыргызстана не забараняюць экс-прэзідэнту прыязджаць на радзіму — яны наадварот дамагаюцца яго выдачы з Беларусі.

У нашай краіне Бакіеў аказаўся па запрашэнні Лукашэнкі пасля рэвалюцыі, якая адбылася ў красавіку 2010 года. Падставай для яе сталі цяжкае эканамічнае становішча насельніцтва, карупцыя і кланавасць улады ў Кыргызстане. На радзіме Бакіева завочна асудзілі на 24 гады пазбаўлення волі за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Але Лукашэнка даў Бакіеву беларускае грамадзянства і адмовіўся выдаваць у Кыргызстан. Бакіеў звязаны з дзейнасцю Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.