Лукашэнка вызваліў экс-дырэктарку цырка ад крымінальнага пераследу
Такім чынам, кіраўнік дзяржавы ўжо другі раз памілаваў Таццяну Бандарчук.
Пра гэта паведамляе партал tut.by са спасылкай на некалькі крыніцаў.
Нагадаем, у чэрвені 2013 года было абвешчана, што на дырэктарку Белдзяржцырку Генпракуратура пачала крымінальную справу па матэрыялах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС і КДК. Намеснік генпракурора Аляксей Стук удакладніў, што вывучаліся пытанні, звязаныя з выкарыстаннем Бандарчук аўтарскага права, бясплатнай рэалізацыяй квіткоў на некаторыя прадстаўленні, страхаваннем замежных артыстаў, выплатамі беларускім артыстам, якія знаходзяцца на гастролях.
Пад канец мінулага года стала вядома, што Таццяна Бандарчук падчас следства кампенсавала налічаную шкоду і падала хадайніцтва аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці. Канчатковае абвінавачанне ёй выстаўлялі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.
Нядаўна стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся памілаваць Таццяну Бандарчук. Дарэчы, гэта не першае яе памілаванне. У 2000 годзе кіраўнік Беларусі ўжо спыняў пераслед Бандарчук, калі яе падазравалі ў атрыманні хабару.
Сама экс-дырэктарка паведаміла журналістам, што цяпер знаходзіцца на пенсіі і поле грады. Працаваць хоча ў Беларусі і з'язджаць не збіраецца. Бандарчук дадала, што "застаецца патрыёткай Беларусі і гатовая заўсёды галасаваць за прэзідэнта".
Фота — ctv.by