Лукашэнка: У нас вельмі шмат прэтэнзій да Міжнароднага алімпійскага камітэта

Беларусь выступае за чысціню і празрыстасць у спорце. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 ліпеня падчас сустрэчы з генеральным сакратаром Міжнароднай федэрацыі баскетбола (ФІБА) Патрыкам Баўманам.
Кіраўнік Беларусі падзякаваў за тое, што наша краіна мае магчымасць прымаць у сябе чэмпіянат свету па баскетболе сярод дзяўчат да 17 гадоў, перадае БЕЛТА.
Як кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта Лукашэнка вырашыў выказацца пра надзённыя пытанні развіцця сусветнага спорту.
"Мы за чысты спорт, мы за поўную празрыстасць і чысціню дзейнасці міжнародных арганізацый, у тым ліку Міжнароднага алімпійскага камітэта. Мы прыхільнікі абароны спартсменаў, каб спартоўцы не пакутавалі, асабліва чыстыя спартсмены", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён заявіў, што нельга вінаваціць цэлую каманду, а адказнасць мусіць несці канкрэтны спартовец.
Лукашэнка раскрытыкаваў МАК: "У нас вельмі шмат прэтэнзій да Міжнароднага алімпійскага камітэту. Мне здаецца, гэта структура не проста бюракратычная, яна часам безадказная. Я як кіраўнік НАК вымушаны гэта на чарговым мерапрыемстве, я так планую, данесці да ведама міжнароднай спартыўнай грамадскасці".
Кіраўнік Беларусі заявіў, што "нельга цалкам ператварыць спорт у частку бруднай палітыкі".
У адказ генсакратар ФІБА падзякаваў за магчымасць сустрэцца і за тое, як Беларусь арганізавала чэмпіянат свету сярод дзяўчат. Баўман падтрымаў пазіцыю Лукашэнкі ў абароне чыстага спорту.
Чэмпіянат свету па баскетболе сярод дзяўчат да 17 гадоў праходзіць у Мінску 21-29 ліпеня. У ім удзельнічаюць 16 наймацнейшых камандаў свету. Зборная Беларусі выступае як прадстаўніца краіны-арганізатара.