Лукашэнка сумняецца ў эфектыўнасці ўвядзення забаронаў на продаж алкаголю

Аляксандр Лукашэнка сумняецца ў эфектыўнасці ўвядзення забаронаў на продаж алкаголю ў вячэрнія і начныя гадзіны. Пра гэта ён заявіў у чацвер на калегіі МУС, якая разглядала вынікі працы органаў унутраных спраў у 2015 годзе.
Кіраўніку дзяржавы паведамілі, што значная частка злачынстваў у нашай краіне здзяйсняецца асобамі ў стане алкагольнага ап'янення. Пры гэтым у грамадстве і на ўзроўні органаў дзяржкіравання ўзнікаюць дыскусіі наконт мэтазгоднасці абмежавання продажу алкагольнай прадукцыі ў пэўныя гадзіны і на шэрагу гандлёвых аб'ектаў. Лукашэнка сказаў, што, на яго погляд, "любыя забараняльныя меры шкодныя".
"Хацелася б атрымаць адэкватны і дакладны адказ: дзе забараняць, як забараняць, у які час, і ўвогуле ці забараняць, ці дзейнічаць нейкімі іншымі метадамі", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. Ён мяркуе, што падобныя забароны даюць "працу ценявікам".
Таксама кіраўнік дзяржавы абазначыў прыярытэты ў далейшай працы МУС. Лукашэнка лічыць, што органам унутраных спраў варта нарошчваць намаганні ў спыненні і папярэджанні распаўсюджвання наркаманіі, кардынальным чынам узмацніць барацьбу з крадзяжамі, пераламаць сітуацыю са злачыннасцю ў вёсцы. Ён падкрэсліў, што трэба абараніць дзяцей і пенсіянераў ад злачынных замахаў. Да прыярытэтаў кіраўнік Беларусі аднёс і супрацьдзеянне эканамічнай злачыннасці. Ён хацеў бы, каб у гэтым напрамку праваахоўнікі працавалі больш актыўна.
Цяперашняя сітуацыя ў краіне патрабуе самага ўважлівага падыходу да падбору і расстаноўкі кадраў, падтрымання "чысціні шэрагаў", адзначыў Лукашэнка. І нагадаў, што па дзеяннях міліцыі людзі "судзяць аб уладзе ў цэлым".
