Лукашэнка сказаў Плаціні, што Мінск чакае "больш сур'ёзных спаборніцтваў"

Беларусь разлічвае на далейшае супрацоўніцтва з УЕФА і правядзенне буйных спаборніцтваў па футболе. Пра гэта 19 студзеня заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) Мішэлем Плаціні.

Кіраўнік Беларусі падзякаваў Плаціні за магчымаць зладзіць у Беларусі ў 2016 годзе юнацкі чэмпіянат Еўропы па футболе сярод дзяўчат і паабяцаў правесці яго “на найвышэйшым узроўні”. Ён нагадаў пра досвед правядзення ў 2014 годзе сустветнага першынства па хакеі ў Мінску.

“Мы поўныя рашучасці зрабіць юнацкі чэмпіянат найлепшым у гісторыі. І вы паглядзіце, наколькі мы можам арганізаваць мерапрыемствы такога кшталту. Магчыма, вы даручыце нас больш сур’ёзныя спаборніцтвы ў гэтым відзе спорту”, — адзначыў Лукашэнка.

Беларускі лідар падзякаваў прэзідэнту УЕФА за падтрымку нашай краіны — матэрыяльную дапамогу для Беларускай федэрацыі футбола і кансультацыі замежных спецыялістаў. Таксама ён назваў футбол найбольш масавым відам спорту ў Беларусі.

“Футбол знаходзіцца на першым месцы ў свеце сярод відаў спорту. Сотні мільёнаў, а можа, і мільярды людзей захапляюцца ім і назіраюць за ім. У нас па масавасці гэта таксама спорту нумар адзін, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Не магу сказаць, што мы дасягнулі нейкіх выключных вынікаў у футболе. Нават болей скажу: мы ўкладваем у футбол значна болей сродкаў, але належнай аддачы, нават не фінансавай, гульнёвай, не назіраем”.

Мішэль Плаціні ў сваю чаргу адзначыў, што УЕФА сочыць за дасягненнямі беларускага футболу і мяркуе, што Беларусь можа дасягнуць лепшых вынікаў, перадае БЕЛТА.