Лукашэнка расказаў, ці могуць адмяніць рэферэндум па Канстытуцыі
Аляксандр Лукашенка / Reuters
Праект новай Канстытуцыі будзе апублікаваны "да Новага года", заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю кіраўніку расійскага агенцтва навін Дзмітрыю Кісялёву. Праект, паводле яго слоў, у яго на стале.
"Цяпер я сяджу і гляджу. І кожны радок", — прыводзіць цытату Лукашэнкі БЕЛТА.
Пры гэтым уласна рэферэндум запланаваны на люты. Гэта значыць на азнаямленне і грамадскае абмеркаванне застанецца месяц-паўтара. Кісялеў спытаў у Лукашэнкі, ці сапраўды рэферэндум адбудзецца ў лютым. "Калі не пачнецца вайна", адказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Рэферэндум адбудзецца, калі "калі вы (знешнія сілы, удакладняе БЕЛТА) нас не паставіце перад увядзеннем нейкага надзвычайнага становішча. Але гэта з вобласці фантастыкі. Таму я думаю, што ў лютым у нас па графіку, як мы запланавалі, атрымаецца правесці".
Лукашэнка таксама распавёў Кісялёву, што ў абноўленай Канстытуцыі ўзмацняецца роля ўрада і парламента, а Усебеларускі народны сход атрымае канстытуцыйны статус. Пры гэтым "моцная прэзідэнцкая ўлада застаецца".
Эксперты і палітолагі лічаць, што за ідэяй канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі стаіць Расія. Масква разглядае гэта як магчымасць арганізаваць транзіт улады ў Беларусі без удзелу "вуліцы". Ва ўсякім выпадку восенню 2020 года расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін вельмі пахвальна адгукаўся аб ініцыятыве правесці плебісцыт. "Лічу, гэта лагічна, своечасова, мэтазгодна", казаў ён.