Лукашэнка праводзіць нараду: Чаго ў гэтай сістэме не хапае?
27 сакавіка Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду, на якой разглядаюцца пытанні стварэння ў нашай краіне рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Ужо падрыхтаваны праект адпаведнага ўказу. Паводле слоў Лукашэнкі, такія сістэмы дзейнічаюць у многіх краінах і яны ўжо паказалі сваю эфектыўнасць. "Відавочна, што ў нас укараненне аўтаматызаваных працэсаў выяўлення розных падзеяў, якія нясуць пагрозу, аналізу інфармацыі, якая паступае, дазволіць значна павысіць узровень правапарадку", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.
Згаданая сістэма дазволіць вызваліць значную колькасць работнікаў і рэсурсаў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У той жа час ён пацікавіўся ў прысутных мэтазгоднасцю новаўвядзення. "У нас ужо ёсць дзейная сістэма відэаназірання, ёсць тэлекамунікацыйныя сеткі, ёсць адпаведнае абсталяванне, — кажа Лукашэнка. — Паўстае пытанне: чаго ў гэтай сістэме не хапае? Чаму дадзеную сістэму не стварыць пад эгідай дзяржаўнага органа, які і стане ўладальнікам адпаведнага інфармацыйнага рэсурса? Я не думаю (а можа, вы прадставіце дадатковыя аргументы на карысць сваёй прапановы), што ўсё гэта трэба засяродзіць у руках прыватнага аператара?".
Лукашэнка пацікавіўся, якія выдаткі спатрэбяцца з боку дзяржавы пры стварэнні "тэхнічнага комплексу". Ён падкрэсліў, што ад новаўвядзення трэба атрымаць "максімальную аддачу". "Апошнія падзеі якраз сведчаць, што нам была б вельмі дарэчы такая сістэма", — сказаў кіраўнік дзяржавы.