Лукашэнка праанансаваў магчымыя змены ў Канстытуцыі

Кіраўнік Беларусі заявіў, што ў Канстытуцыю кіраіны могуць быць унесеныя змены. Такая заява прагучала на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з суддзямі Канстытуцыйнага суда 15 сакавіка.
"Я ўжо казаў на сустрэчах з парламентарыямі і судзейскім корпусам, што з цягам часу мы прыйдзем да абмеркавання пытання аб унясенні змяненняў у Асноўны закон краіны", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба вельмі дакладна і правільна выбраць момант для зменаў у Канстытуцыі. "Бо самі размовы аб змене Канстытуцыі спараджаюць у лепшым выпадку нейкі броўнаўскі рух у нашым грамадстве. А некаторыя вельмі палітызаваныя і зацікаўленыя колы пачынаюць ужо вельмі развіваць бурную дзейнасць на гэтай аснове. Таму важна абраць час, калі мы будзем падбірацца да карэкціроўкі гэтага закона, і вызначыць асноўныя кірункі, па якіх будзем працаваць", — заявіў Лукашэнка.
Ён прапанаваў паглядзець на Канстытуцыю ў святле таго, што ў апошнія гады істотна развіваюцца высокія тэхналогія, удасканальваюцца эканамічныя адносіны, ідзе аптымізацыя сістэмы дзяржаўнага апарату, мясцовыя органы ўлады атрымліваюць больш шырокія паўнамоцтвы.
Нагадаем, што сёння адзначаецца Дзень Канстытуцыі. Менавіта таму сёння кіраўнік дзяржавы і праводзіць сутрэчу з суддзямі Канстытуцыйнага суда. На нарадзе абмяркоўваюцца вынікі дзейнасці Канстытуцыйнага суда, яго перспектывы і ўдасканаленне работы.