Лукашэнка: Не трэба душыць у студэнтах вальнадумства, я і сам такім быў

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў вальнадумства студэнтаў. Але разам з ім абавязкова павінна ісці патрыятычнае выхаванне. Пра гэта ён заявіў, калі 28 верасня прызначаў кіраўнікоў ВНУ.
"Студэнты — вальнадумцы. Мы самі такімі былі. Не ведаю, як вы, а я-то дакладна. Таму не трэба ў іх гэтую жылку і струнку душыць", — цытуе прэс-служба словы кіраўніка Беларусі.
Разам з тым ён заклікаў весці патрыятычнае выхаванне, каб студэнты пасля навучання не з'язджалі невядома куды.
Рэктараў ВНУ Лукашэнка назваў сваімі людзьмі і перасцярог: "Як толькі вы выйдзеце за парог гэтага кабінета, вы — людзі прэзідэнта. Вы ажыццяўляеце яго палітыку. У адваротным выпадку не трэба згаджацца і ісці на гэтыя пасады. Маю палітыку вы ведаеце: калі я дзесьці буду казаць не так і буду не мець рацыю, вы мне скажыце адразу. Рашэнне прынята, прамаўчалі — выконвайце".
Пахваліў кіраўнік дзяржавы выкладчыкаў ВНУ, дзе ён вучыўся. "Гэта завоблачныя былі людзі. І дастаткова свабодалюбныя людзі, з якімі я сябраваў, ужо з'яўляючыся прэзідэнтам, наведваючы універсітэт. Мы з імі асабіста сустракаліся, яны на мяне паўплывалі значна. Яны мелі свой пункт гледжання, граматна яго выказвалі", — падзяліўся ўражаннямі Лукашэнка.
Асобна ён перасцярог рэктараў ад праяваў карупцыі. За карупцыю, па словах Лукашэнкі, не будзе даравання нават ягоным сынам.
"Ніякіх сяброў у плане таго, што "я табе зраблю, ты — мне" і гэтак далей, і таму падобнае. Гэта бяда, трагедыя будзе ў вашым жыцці. Гэта адзінае, ад чаго я не змагу вас абараніць. Нікога не змагу абараніць. нават сваіх сыноў. Таму будзьце вельмі акуратныя і асцярожныя, будзьце справядлівыя", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.