Лукашэнка не хоча апраўдвацца за супрацоўніцтва з Азербайджанам

Перспектывы супрацоўніцтва ў ваенна тэхнічнай галіне паміж Беларуссю і Азербайджанам абмеркаваў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам абароны Азербайджана Закірам Гасанавым.
"Не хачу ні перад кім апраўдвацца, які характар носіць наша супрацоўніцтва. Хачу толькі сказаць адно, што нашы адносіны ні ў якім разе не парушаюць ні адну міжнародную дамову, ні адну рэзалюцыю Савета Бяспекі і ААН у цэлым. Мы суверэнная незалежная дзяржава, і мы маем права вызначаць тыя напрамкі супрацоўніцтва, якія адпавядаюць духу часу, запытам нашых дзяржаў", — цытуе словы беларускага кіраўніка яго прэс-служба.
Лукашэнка падкрэсліў, што адносіны народаў Беларусі і Азербайджана маюць братэрскі характар. Ён дадаў, што ў беларусаў да азербайджанцаў няма ніякіх прэтэнзій. У прыватнасці, ён згадаў, што Азербайджан падтрымаў Беларусь падчас нафтавых спрэчак з Расіяй.
У сваю чаргу Гасанаў падзякаваў Лукашэнку за магчымасць сустрэцца, нягледзячы на шчыльны графік. Ён перадаў беларускаму кіраўніку найлепшыя пажаданні і словы прывітання ад прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева.