Лукашэнка: Насцярожвае сітуацыя вакол нашых межаў (відэа)

Сітуацыя ва Украіне працягвае пагаршацца, нягледзячы на нядаўнія выбары. І гэтага дапускаць нельга, заявіў 18 лістапада Аляксандр Лукашэнка ў Мінску падчас сустрэчы з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым.

"Мы не можам пагадзіцца з той тэндэнцыяй пагаршэння сітуацыі... не толькі ў данбаскім і данецкім рэгіёнах, але і ўвогуле ва Украіне", — цытуе словы Лукашэнкі РІА "Новости". Ён падкрэсліў, што сітуацыя ва Украіне хвалюе як Беларусь, так і Расію.

Акрамя таго, паводле слоў кіраўніка Беларусі, Мінск не можа пагадзіцца з актыўнасцю Захаду каля межаў Беларусі. "Сітуацыя вакол нашых межаў... на заходнім накірунку нас насцярожвае. Мы не можам пагадзіцца з той актыўнасцю, якая прадпрымаецца з боку заходніх дзяржаваў на заходніх межах саюзнай дзяржавы", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў выпрацаваць агульную пазіцыю Беларусі і Расіі і "рухацца ў адзіным рэчышчы". Як інфармуе БЕЛТА, Лукашэнка заявіў, што ў двухбаковых беларуска-расійскіх адносінах няма праблем, якія б насцярожвалі. "Мы дамовіліся па ўсіх пытаннях", — сказаў кіраўнік Беларусі.