Лукашэнка: Мы не будзем у прэтэнзіі да Сербіі, калі яна пойдзе сваім шляхам

27 студзеня Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу са старшынёй урада Сербіі Аляксандрам Вучычам. Па словах беларускага кіраўніка, якія перадае яго прэс-служба, у няпростых сучасных умовах трэба аб'ядноўвацца і супрацоўнічаць, каб выстаяць і развівацца. Ён падкрэсліў, што Беларусь ніколі не спыняла супрацоўніцтва з Сербіяй і не будзе гэтага рабіць у будучыні.
Лукашэнка канстатаваў, што свет глабалізуецца, таму ад супрацоўніцтва сысці немагчыма. На яго думку, Беларусь і Сербія сёння знаходзяцца ў розных сітуацыях, нягледзячы на агульны трэнд. "Мы ні ў якім разе не будзем выстаўляць прэтэнзіі Сербіі, калі яна будзе развівацца сваім шляхам, таму што, напэўна, і мы вінаватыя ў тым, што Сербія апынулася ў такой сітуацыі. Усё ж такі пасля распаду Савецкага Саюза нам трэба было сур'ёзна падумаць, каб выбудоўваць больш шчыльныя адносіны", — адзначыў кіраўнік Беларусі.
Таваразварот паміж нашымі краінамі апошнім часам знізіўся, зазначыў ён. Па выніках 2015 года ён складаў каля 250 млн долараў, а ў 2016-м скараціўся амаль удвая.
Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь падтрымлівала Сербію нават тады, калі гэта было нявыгадна" "Мы нават у самыя цяжкія часы заўсёды вас падтрымлівалі і будзем падтрымліваць. Нават калі часам нам нявыгадна было. Мы займалі прынцыповую пазіцыю, у тым ліку па пытаннях адзінства вашай дзяржавы".
Ён запэўніў, што Беларусь і надалей будзе рабіць для Сербіі ўсё магчымае.