Лукашэнка: Мы фактычна на парозе новай гонкі ўзбраенняў

Лукашэнка: Мы фактычна на парозе новай гонкі ўзбраенняў

Аляксандр Лукашэнка выступае за выпрацоўку прымальных для ўсіх прынцыпаў супрацоўніцтва ў Еўропе. З такой заявай ён выступіў 5 красавіка на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў СНД.

Ён нагадаў, што сёлета ў нашай краіне пройдуць антытэрарыстычная канферэнцыя АБСЕ "Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху" і сустрэча Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Кіраўнік Беларусі запрасіў усіх партнёраў прыняць удзел у гэтых мерапрыемствах на самым высокім узроўні.

Лукашэнка адзначыў высокі ўзровень напружанасці ў міжнароднай абстаноўцы. Найбольш небяспечнай тэндэнцыяй на еўраатлантычнай прасторы ён назваў расхістванне сістэмы проціваг, якая раней стрымлівала дзяржавы і блокі, што супернічаюць між сабой. "Знаходзячыся на своеасаблівым геапалітычным разломе, Беларусь ўсведамляе недасканаласць раскручвання спіралі канфрантацыі ў Еўрапейскім рэгіёне. Мы фактычна на парозе новай гонкі ўзбраенняў. Эксперты сцвярджаюць, што халодная вайна ўжо ідзе", — перадае прэс-служба перасцярогі кіраўніка дзяржавы.

Ён дадаў, што новую парадыгму светабудовы спрабуюць выбудаваць не за сталом перамоваў, а ў гарачых кропках. Для Беларусі найбліжэйшая з такіх кропак — Данбас. Лукашэнка нагадаў, што шырокамаштабныя баявыя дзеянні там удалося спыніць дзякуючы мінскім пагадненням, але людзі працягваюць гінуць. "Яшчэ раз пацвярджаю: мы гатовыя зрабіць усё, каб на Данбасе быў мір. На прынцыпах захавання ўсіх міжнародна-прававых фармальнасцяў і пры згодзе канфліктуючых бакоў", — падкрэсліў кіраўнік Беларусі.