Лукашэнка кажа, што ў беспілотніку, які ўпаў у Мінску, было 59 кг выбухоўкі

Беспілотнік у Мінску

Беспілотнік у Мінску / Мінабароны

У беспілотніку, які на гэтым тыдні ўпаў у Мінску, было 59 кг выбухоўкі. Такія лічбы назваў Аляксандр Лукашэнка падчас візіту да Уладзіміра Пуціна на Валаам.

Пра беспілотнік Лукашэнка згадаў у кантэксце вайны паміж Расіяй і Украінай. Ён заявіў, быццам Расія і персанальна Пуцін зацікаўленыя ў паветраным перамір'і, а Украіна гэтага не хоча.

"Скажыце Зяленскаму: няхай на гэта ідзе, каб не было вось гэтых лятальных апаратаў, і на галаву людзям не падалі. Ужо апошні, вы ведаеце, выпадак, калі ўжо ў Беларусь — 59 кілаграмаў выбухоўкі, начыненай шарыкамі і іншае. Ну, добра, не выбухнула. Ударыў па 10-павярховым дом, дзе жылі звычайныя простыя людзі. Таму гэта небяспечная вось гэтая эскалацыя. Нам трэба спыняць гэта", — заявіў Лукашэнка.

Як паведамлялася раней, беспілотнік упаў у Мінску каля дома 72 на вуліцы Матусевіча у ноч на 29 ліпеня. Следчы камітэт заявіў, быццам дрон меў баявую частка з трацілу, наладаваную металічнымі шарыкамі.

Пра жаданне Расіі заключыць паветранае перамір'е можна меркаваць па начной атацы на Украіну ў ноч на 31 ліпеня. У ёй былі задзейнічаныя больш за 300 дронаў і 8 ракет. Асноўнай кропкай удару быў Кіеў.

У выніку атакі загінуў 31 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей, піша hromadske.ua. Найменшаму дзіцяці было два гады.

Яшчэ 159 чалавек пацярпелі, сярод іх — 16 дзяцей. Як заявілі кіеўскія ўлады, ад гэтай атакі была параненая найбольшая колькасць дзяцей за адну ноч ва ўкраінскай сталіцы за ўвесь час вайны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.