Лукашэнка кажа, што ніколі не пагражаў Захаду (відэа)

У інтэрв'ю агенцтву "Блумберг" Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ніколі не быў пагрозай для Захаду. Па словах беларускага кіраўніка, гэта надуманае абвінавачанне.

"І калі я паспрабаваў бы камусьці пагражаць, гэта быў бы першы крок да таго, што беларусы мяне б не абралі прэзідэнтам. Чаму я павінен камусьці пагражаць? У нас што, не хапае тэрыторыі? Ды дай бог з гэтай тэрыторыяй разабрацца! У нас на такой тэрыторыі жыве ўсяго 10 млн чалавек, а мы свабодна можам пракарміць 20-25 млн", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Падчас інтэрв'ю былі згаданыя і заходнія санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў і некаторых прадпрыемстваў. На думку кіраўніка Беларусі, усялякія санкцыі з'яўляюцца анахранізмам, карысці ад іх няма: "Да чаго прывялі гэтыя санкцыі? Ні да чаго. Не змаглі нават задушыць невялікую Беларусь, не кажучы ўжо аб Расіі".

Лукашэнка заявіў, што Беларусь супрацоўнічала і супрацоўнічае вельмі эфектыўна з Расіяй, Кітаем, Індыяй, іншымі азіяцкімі, афрыканскімі і лацінаамерыканскімі дзяржавамі.