Лукашэнка і Пуцін дамовіліся, што сустрэнуцца ў Мінску

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся, што сустрэнуцца ў Мінску. У панядзелак адбылася тэлефонная размова кіраўнікоў Беларусі і Расіі. З ініцыятывы беларускага ці расійскага боку яна была, не паведамляецца.
Як інфармавала Еўрарадыё, раніцай 19 сакавіка яшчэ да абвяшчэння афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Расійскай Федэрацыі, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Уладзіміра Пуціна з перамогай. Верагодна гэта была тэлеграма. Удзень з’явілася інфармацыя пра тэлефонную размову. Лукашэнка “яшчэ раз асабіста павіншаваў расійскага лідара з пераканаўчай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах”, паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі графік будучых кантактаў на вышэйшым узроўні. Яны дамовіліся, што бліжэйшае пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі пройдзе ў Мінску. Тэрміны мерапрыемства будуць узгоднены “у працоўным парадку”. Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі актуальныя пытанні беларуска-расійскіх адносін.