Лукашэнка: "Гісторыю трэба бачыць такой, якой яна была"

Лукашэнка: "Гісторыю трэба бачыць такой, якой яна была"

Падчас наведвання Ваеннай акадэміі Аляксандр Лукашэнка агледзеў залу ваеннай гісторыі Беларусі. Зала была створаная ў красавіку 2017 года да 100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі і IV Міжнароднай алімпіяды курсантаў вышэйшых ваенных навучальных устаноў дзяржаў СНД па ваеннай гісторыі, перадае БЕЛТА.
 
Кіраўнік Беларусі заявіў, што раней гісторыю неаднаразова спрабавалі ламаць і перапісваць, а на яе неабходна глядзець вачамі патрыётаў, сумленных і аб'ектыўных людзей. "Гісторыю трэба бачыць такой, якой яна была", — акрэсліў ён. 

Гаворачы пра партызанскі рух падчас савецка-нямецкай вайны, Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі быў поўнамаштабны рух супраціву. "Асноўныя два кірункі — партызанская вайна і падполле. І трэці кірунак — гэта народны супраціў. А гэта ж такі супраціў, супраць якога цяжка было весці вайну. Фашысты праводзілі жудасную палітыку ў дачыненні да людзей — спальвалі, забівалі. І людзі помсцілі за гэта", — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што трэба памятаць не толькі пра загінулых у вайну але і пра тых, хто памёр ад ран у першыя гады пасля яе заканчэння.