Лукашэнка адправіцца з афіцыйнымі візітамі ў Егіпет і Судан

15-17 студзеня Аляксандр Лукашэнка адправіцца з афіцыйнымі візітамі ў Арабскую Рэспубліку Егіпет і Рэспубліку Судан, паведамляе яго прэс-служба.
У Каіры ў кіраўніка Беларусі запланаваныя перамовы з прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фаттахам аль-Сісі ў вузкім і пашыраным складах. На перамовах мяркуецца разгледзець цяперашні стан двухбаковых адносінаў і іх перспектывы. Акрамя гандлёва-эканамічных сувязяў і вытворчай кааперацыі, бакі абмяркуюць пашырэнне беларуска-егіпецкіх кантактаў у гуманітарнай сферы. Па выніках перамоваў будуць падпісаныя двухбаковыя дакументы.
Лукашэнка сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Егіпта Шэрыфам Ісмаілам ды іншымі афіцыйнымі асобамі гэтай краіны. Акрамя таго, ён прыме ўдзел у адкрыцці беларуска-егіпецкага дзелавога форуму.
У Хартуме кіраўнік Беларусі правядзе перамовы з прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам. Паведамляецца, што асноўная ўвага на перамовах будзе надвацца пытанням эканамічнай супрацы. У Лукашэнкі таксама запланаваныя сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Судана Хасабу Абдэльрахманам і старшынёй Нацыянальнай асамблеі Ібрагімам Амерам.
У сталіцы Судана падчас візіту Лукашэнкі пройдзе беларуска-суданскі дзелавой форум.
Дарэчы, эканамічныя адносіны Беларусі з гэтымі краінамі знаходзяцца ў непрывабным становішчы. Так, у 2016 годзе ўзаемны гандаль з Егіптам знізіўся ў чатыры разы, а беларускі экспарт — на дзве траціны. Судан жа ўвогуле не ўваходзіць у топ-100 гандлёвых партнёраў нашай краіны. Гэта значыць, што тавараабарот паміж Беларуссю і Суданам меншы за 7 млн долараў у год.