Лукашэнка абяцае, што Беларусь будзе надзейнай апорай Туркменістану ў Еўропе

Беларусь з'яўляецца надзейнай апорай і сябрам Туркменістана ў цэнтры Еўропы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на афіцыйных перамовах з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым, перадае БЕЛТА.
Ён дадаў, што наша краіна гатовая дзяліцца з Туркменістанам досведам у самых розных галінах. "Мы супрацоўнічаем ў многіх сферах. Паказчыкам заўсёды з'яўляецца тавараабарот. За апошнія гады, літаральна за пяцігодку, мы дасягнулі 300 млн долараў у абароце тавараў і паслуг — гэта вялікія паказчыкі. І мы паволі ў гэтым плане прырастаем", — паведаміў беларускі кіраўнік.
Лукашэнка згадаў Гарлыкскі горна-ўзбагачальны камбінат, які дапамагалі будаваць беларусы. Яго афіцыйнае адкрыццё адбудзецца 31 сакавіка. "Адчыніць камбінат і пачаць працу — гэта толькі пачатак. Потым пойдуць будні, трэба рыхтаваць людзей, выходзіць на праектную магутнасць", — зазначыў кіраўнік Беларусі.
У сваю чаргу Бердымухамедаў канстатаваў, што ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Туркменістанам развіваецца вельмі актыўна і з году ў год актывізуецца.
Дарэчы, у каментары Радыё "Свабода" эканаміст Леанід Марголін крытычна ацаніў беларускі ўдзел у стварэнні Гарлыкскага камбіната. На яго думку, Беларусь сваімі рукамі стварыла канкурэнта "Беларуськалію" на сусветным рынку.