Луцэнка распавёў, як Пуцін можа ўзяць Украіну "голымі рукамі" (відэа)
Экс-міністр унутраных спраў і грамадскі дзеяч выступіў у жывым эфіры Грамадскага тэлебачання ў Кіеве.
Юрый Луцэнка заявіў, што пасля зверскага забойства дэпутата Рыбака, пасля захопу баевікамі закладнікаў у Славянску шмат людзей у Данецкай, Луганскай абласцях ужо не просяць, патрабуюць ад украінскіх уладаў навесці парадак. Аднак ва ўлады пакуль адсутнічае воля, кажа Луцэнка. Ён сцвярджае, што людзі ва ўладзе, якія мусяць прымаць жорсткія рашэнні па барацьбе з тэрарыстамі, перакладаюць іх прыняццё адзін на другога. Да таго ж сілы ёсць.
"Улада павінна дзейнічаць... З тэрарыстамі нельга ўступаць у перамовы, акрамя як здачы зброі", — заявіў Юрый Луцэнка. Супраць тэрарыстаў павінны дзейнічаць спецыяльныя падраздзяленні, якіх дастаткова ёсць ва Украіне. Да таго ж, ёсць 250 тысяч чалавек у МУС і СБУ, з войскам і іншымі ўзброенымі фармаваннямі — 700 тысяч узброеных людзей.
"Міліцыя на ўсходзе адчувае, што ўлада не ведае, што рабіць. Яны гатовыя дзейнічаць, калі не будуць сябе адчуваць "9-й ротай", кінутым аддзелам, да якога ў дзяржавы не даходзяць рукі", — так Луцэнка выказаўся пра настроі міліцыянераў. Да таго ж "міліцыя дэмаралізаваная падзеямі на Майдане", яна баіцца за свае сем'і, баіцца, што гэтыя тэрыторыі, як і Крым, будуць здадзеныя Расіі. Экс-міністр унутраных спраў перакананы, што праваахоўнікі павінны ведаць, што ўкраінская дзяржава залічыць іх да ўдзельнікаў баявых дзеянняў, у тым ліку з адпаведным матэрыяльным забяспечаннем. Што міліцыянеры і іх сем'і атрымаюць страхоўку ў разе траўмы ці гібелі. Дзеля гэтага патрэбнае рашэнне ўраду.
Луцэнка лічыць, што на сённяшні дзень расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін не збіраецца захопліваць Украіну. "Наколькі я разумею яго план, ён палягае ў поўнай анархіі ўсёй Украіны, — кажа Луцэнка. — Ён хоча зараз дэстабілізаваць усходнюю Украіну, якую ачоляць губернатары-самазванцы, атаманы... Далей — як рэакцыя на імпатэнцтва ўлады, аналагічныя працэсы, толькі правага крыла, адбудуцца ў заходняй Украіне. І нарэшце дакоціцца да Кіева. І ўся краіна пакрыецца поўнай атаманшчынай. У тых умовах яе можна будзе браць голымі рукамі".