Ліван: рэвалюцыя — феміністка і "ўсё, значыць — усё"

Рэвалюцыя ў Ліване / Вадзіх эль-Хаек — спецыяльна для "Новой газеты"
У Ліване ўжо чацвёрты месяц працягваецца рэвалюцыя. Карэспандэнт Вадзіх эль-Хаек цяпер асабліва ганарыцца, што ён — ліванец. Ён лічыць, што пра гэтую рэвалюцыю павінны ведаць усе і што цяпер ліванцы даюць урок усяму свету: як дамагчыся перамен — і пры гэтым пазбегнуць кровапраліцця. Падрабязна пра тое, што адбываецца ў Ліване, Вадзіх расказаў "Новой газете".
17 кастрычніка дэпутаты нашага парламента планавалі бюджэт на наступны год, ён атрымаўся, як заўсёды, стратны. Каб неяк звесці канцы з канцамі, міністр сувязі прапанаваў увесці ў краіне новы падатак: каб усе, у каго ўсталяваны месенджар WhatsApp, плацілі б за гэта 6 долараў у месяц. WhatsApp у нас усталяваны ў кожнага: у Ліване ўсяго два мабільныя аператары, абодва афіляваныя з дзяржавай, і мабільная сувязь каштуе вельмі дорага. Таму многія ліванцы тэлефануюць адно аднаму праз WhatsApp, так што ідэя новага падатку з фінансавага пункту гледжання вельмі перспектыўная. Але і дзіцяці ясна, што такі падатак быў бы незаконным: WhatsApp не належыць ліванскай дзяржаве, з якой ласкі яны будуць браць за яго грошы?
На наступны дзень на вуліцы выйшла практычна ўся краіна. Гэта не фігура маўлення: у Ліване жыве 4 мільёны чалавек, а пратэст на піку дасягаў 2,5-3 мільёнаў.
Закрыліся ўстановы і крамы, школы і ўніверсітэты адмянілі заняткі. Людзі ва ўсіх гарадах занялі плошчы і пачалі гаварыць пра тое, з чым далей не хацелі мірыцца. Тое, што пачалося як спантанны выступ супраць абсурднага падатку, ператварылася ў маштабны рух супраць карупцыі, якая паразіла палітычнае і эканамічнае жыццё Лівана, супраць рэлігійнай раз'яднанасці, супраць замежнага ўмяшання ў суверэнныя справы нашай краіны.
У нашай рэвалюцыі няма лідараў, затое ёсць каштоўнасці: годнасць і негвалтоўнасць.

Чаму Ліван такі
"Вось у нашых шыіцкіх пасёлках даходзіць да смешнага: асфальт кладуць напярэдадні выбараў, — расказвае мне таўстун Абу Абду, які прыехаў у Бейрут з Баальбека. — Як адрамантавалі дарогі — чакай выбараў. У Ліване ты не знойдзеш працу ні ў паліцыі, ні ў арміі — нідзе ў сістэме, калі ты не звязаны з кім-небудзь з палітыкаў, які аддасць табе гэтую працу ў абмен на голас.
Карупцыя ўсюды — аж да дзіцячых садкоў. Нашы шыа ва ўладзе прыкрываюць наркагандляроў, таму што тыя аддаюць ім працэнт. І вось такія палітыкі ўсяму Лівану дыктуюць, як жыць".
Многія госці, упершыню прыязджаючы ў Ліван, спачатку ходзяць ашаломленыя. Нашу краіну нездарма называюць самай еўрапейскай дзяржавай на Блізкім Усходзе: мы свецкая краіна, дзе мірна ўжываюцца хрысціяне і мусульмане, суны і шыа, артадоксы і каталікі. Гэта раўнавага далася нам вельмі цяжка. Многія стагоддзі Ліван знаходзіўся ў акупацыі: асманы, французы, Сірыя, нарэшце. З 70-х гадоў у маёй краіне ішла жорсткая грамадзянская вайна паміж мусульманамі і хрысціянамі. Гэтая вайна скончылася ў пачатку 90-х, і ў ёй не было пераможцаў. Тады была прынята новая Канстытуцыя Лівана, і яна была напісана пад ціскам Сірыі.
Сірыя глядзіць на Ліван як на малодшага брата і спрабуе арганізоўваць нашу ўнутраную палітыку. Сірыйскія войскі былі выведзеныя з Лівана толькі ў 2005 годзе. Наша краіна патрэбна рэжыму Асада, паколькі ён вялікі сябар Ірана, а Ірану важна мець прамы выхад да Ізраіля, з якім акурат мяжуе Ліван. Так што ліванская канстытуцыя ў першую чаргу адпавядала чужым геапалітычным мэтам. Стомлены ліванскі народ тады пайшоў на гэта, каб ужо спынілася вайна. Фармальна наша новая канстытуцыя засталася ўсё такой жа раўнаважнай і забяспечвае прадстаўніцтва ўсіх рэлігій ва ўладзе. Напрыклад, наш прэзідэнт заўсёды каталік-мараніт, прэм'ер-міністр заўсёды суніт, а спікер парламента — шыіт. Але разам з тым гэтая новая канстытуцыя перакроіла палітычную сістэму так, што рэальную ўладу атрымалі саюзнікі рэжыму Асада ў Сірыі — шыіцкія партыі "Амаль" і "Хезбала". Прэзідэнт пазбавіўся магчымасці на нешта ўплываць, па змоўчанні меркавалася, што ўсе тры кандыдатуры — прэзідэнта, прэм'ера і спікера — павінны быць ухвалены рэжымам Асада. Фактычна наша вярхушка стала вечнай, незмяняльнай, прасірыйскай.
Вось, напрыклад, спікер парламента Набіх Беры (шыіт, кіраўнік партыі "Амаль") сядзіць у сваім крэсле ўжо 27 гадоў.
За гэты час у ЗША прэзідэнт памяняўся 5 разоў, у Брытаніі было 6 прэм'ераў і нават у Расіі за гэты час было тры розныя прэзідэнты. А ў нас усё той жа Набіх Беры.
Усім вядома, як дорага ён абыходзіцца краіне. Напрыклад, у апошнія тыдні многія ліванскія СМІ публікавалі фота яго шыкоўнай рэзідэнцыі з асабістым портам проста на берагавой лініі на поўдні краіны. Яго сыны і зяць — мультымільярдэры, бізнесмены. Другая жонка — амбасадар Лівана ў Брытаніі, і яе шыкоўная рэзідэнцыя ў Лондане абыходзіцца ліванскай казне штогод у 665 тысяч долараў, хоць у Лівана ёсць афіцыйны амбасадарскі асабняк у цэнтры брытанскай сталіцы.
Але цяпер мы кажам: "усё, значыць — усё". Парламент, кабінет міністраў, прэзідэнт — усе павінны пайсці ў адстаўку.

Усё, значыць — усё
Вось патрабаванні, якія адразу акрэсліла ліванская рэвалюцыя: неадкладная адстаўка прэзідэнта, урада, парламента. Прэм'ер пайшоў у адстаўку пасля тыдня пратэстаў, разам з ім быў распушчаны кабінет міністраў.
Неўзабаве прэзідэнт звярнуўся да народа: наракаў, што ён бы хацеў рэформаў, але нейкія сілы яму перашкаджаюць. Ён стары, яму 84 гады, гэты першы тэлезварот атрымаўся невыразны, блытаны. Мне ўдалося сустрэцца з Шамілем Рукузам, генералам спецназа ў адстаўцы, дэпутатам парламента і — зяцем прэзідэнта. Ён расказаў, што прэзідэнт у сілу ўзросту не выходзіць на вуліцу, не глядзіць тэлевізар, а пра ўсё даведваецца ад свайго іншага зяця, Жубрана Басіля.
Жубран Басіль — гэта імя пратэстоўцы з самага пачатку скланялі на розныя лады, пра яго складалі непрыстойныя прыпеўкі, увесь ліванскі фэйсбук кпіў з яго.
Жубран Басіль быў (да нядаўняга часу) міністрам замежных спраў Лівана. Ён, вялікі сябар сірыйскага рэжыму і шыіцкай партыі "Хезбала", разглядаўся ў якасці найбольш імавернага кандыдата на пасаду прэзідэнта ў найбліжэйшай будучыні. А раней Жубран Басіль быў міністрам электраэнергетыкі. І на гэтай пасадзе не зрабiў нiчога, у Ліване дагэтуль вялізныя праблемы з электрычнасцю. Напрыклад, я ў сябе дома, перад тым як уключыць прас, гляджу на вуліцу на будку трансфарматара. Калі на ёй гарыць чырвоная лямпачка, значыць, дзяржаўная электрычнасць адключылася, працуе генератар і прас уключаць нельга. Замест таго каб пабудаваць у краіне ўласную электрастанцыю, Жубран Басіль заключыў шматмільярдныя кантракты з турэцкімі пастаўшчыкамі, і іх караблі-генератары пастаўляюць электрычнасць у краіну. Зараз, на хвалі пратэстаў, прэм'ер-міністр спрабаваў нас запэўніць, што ўлада здолее пабудаваць электрастанцыю за чатыры месяцы. Але дзе вы былі ўсе гэтыя гады?
Цяпер Жубран Басіль разам з усім офісам у адстаўцы. Але прэзідэнт па-ранейшаму ў сваім крэсле.
А галоўнае, за свае крэслы трымаюцца парламентарыі — нягледзячы на тое, што ўвесь Ліван скандуе на плошчах: "Усё, значыць — усё!"
"Калі народ выбраў гэтых дэпутатаў, ён ім дэлегаваў права — зацвярджаць міністраў, прэзідэнта, прымаць рашэнні, — кажа адвакат і ўдзельнік пратэсту Васеф аль-Хараке. — Але калі народ выйшаў на вуліцы, ён забраў гэта права назад. Значыць, парламент сядзіць незаконна. І мы ўсе патрабуем датэрміновых парламенцкіх выбараў".

Чаму палітыка смярдзіць
Пажылы мужчына з сівой барадой, у моднай шапцы-федоры трымае ў руках велізарны букет белых і чырвоных руж. Ён ходзіць сярод пратэстоўцаў і прапануе ім купіць гэтыя кветкі. Белы, чырвоны і зялёны — гэта колеры ліванскага сцяга. Мужчына бачыць камеру ў маіх руках, падыходзіць да мяне і, не чакаючы, пакуль я задам яму пытанне, кажа сам: "Цяпер у Ліване толькі паветра бясплатнае, дый тое нячыстае. З-за таго, што яны не маглі падзяліць, хто будзе зарабляць на смецці, — спачатку закопвалі смецце ў зямлю, загадзілі нашу ваду. Цяпер — вырашылі смецце спальваць, загадзяць яшчэ і паветра.
Наша ўлада — буйны мафіёзны картэль, які набівае свае кішэні за кошт нашага здароўя. Вось таму я тут. Працую і пратэстую".
WhatsApp быў нагодай, а рэальныя прычыны ліванскай рэвалюцыі куды глыбейшыя. Тут і смецце, і адсутнасць электраэнергіі, і праблемы з вадой. Народ за ўсё плаціць двойчы.
Папярэднія масавыя выступленні ў 2015 годзе таксама пачаліся не з-за карупцыі як такой — хаця ў выніку звяліся менавіта да яе. Тады ўсё здарылася праз звалкі — пасля таго як выйшлі з пратэстам жыхары мястэчка Наамэ, каля якога знаходзіўся адзіны ў Ліване палігон па захаванні адходаў. Ім надакучыў смурод, яны і выйшлі. Галоўны іх лозунг тады быў: "Вы смярдзіце". Сховішча ў Наамэ было створана ў 1998 годзе. Калі яго адкрывалі, гэта было заяўлена як часовае рашэнне, толькі на тры гады. Але палігон так і застаўся.
За мінулыя гады ў найбліжэйшым пасёлку было зарэгістравана 2000 смерцяў ад анкалагічных захворванняў. Жыхары выйшлі пратэставаць — і палігон быў закрыты, пасля чаго ўся краіна сталася завалена смеццем.
Замест таго каб укладвацца ў сістэму асобнага збору і перапрацоўкі смецця, улады адкрылі ў нашай маленькай краіне тры новыя палігоны па захаванні. Некаторыя са звалак былі ўладкаваныя проста ў прыбярэжнай паласе, што супярэчыць міжнародным дамоўленасцям аб забеспячэнні чысціні Міжземнага мора.

Мой сябар Фіраз абу-Хатум, стваральнік руху "Усё, значыць — усё", расказаў мне:
— На гэтых новых звалках захоўваюць усё, аж да медыцынскіх адходаў і дохлай жывёлы. Мора размывае захаванні, усё паступае ў прыбярэжныя воды.
Мы арганізавалі рэйды па ачыстцы гэтых вод у раёне смеццевых палігонаў і збіралі ў моры іголкі ад шпрыцаў і нават ампутаваныя чалавечыя канечнасці.
Спатрэбіцца мінімум 200 гадоў, каб прыбярэжная зона ў раёне звалак аднавілася. Тое, што робяць улады Лівана з экалогіяй нашай краіны, — гэта злачынства супраць чалавечнасці. На працягу двух апошніх гадоў 17 тысяч ліванцаў памерлі ад раку. Мы сабралі доказы парушэння міжнароднага экалагічнага заканадаўства і адправілі іх вярхоўнаму камісару ААН. І да гэтага часу не атрымалі адказу. Голас народа ігнаруе нават ААН.
— Цяпер наша галоўная бітва — супраць смеццяспальвальных заводаў, — працягвае Фіраз. — Іх дым не менш небяспечны. А нашы ўлады плануюць у кожным раёне будаваць такі завод. Гэта заб'е цэлы народ! Мы ў небяспецы, нам патрэбна міжнародная абарона ад гэтай улады. Lords of war!
Раней яны забівалі нас зброяй, а цяпер — канцэрагенамі. Наша агародніна і садавіна сталі небяспечнымі, вада, паветра таксама забруджаныя! Як быццам усе ліванцы памерлі і чакаюць пахавання.
Сцяг рэвалюцыі — Алаа
Ліванцы — вельмі маленькі народ, нас у краіне ўсяго 4 мільёны. Усе ведаюць усіх. Усім нам вельмі важна захаваць твар. Напэўна, таму ўсе нашы масавыя пратэсты праходзяць з вялікай годнасцю. Як з боку пратэстоўцаў, так і з боку сілавых органаў. У 2005 годзе, калі мы выгналі сірыйскае войска са сваёй зямлі, мы мірна сядзелі на цэнтральных плошчах год — не прагучала ніводнага стрэлу. Гэтаксама было і ў 2015 годзе, калі Ліван пратэставаў з-за смецця. І цяпер, у гэтай рэвалюцыі, армія прыняла рашэнне абараняць і пратэстоўцаў, і грамадскі парадак.
З самага пачатку людзі вырваліся на вуліцы нечакана, неарганізавана, спантанна. Праваахоўнікі разгубіліся, ня справіліся спачатку з гэтым. Было нават некалькі выпадкаў жорсткіх сутыкненняў паміж паліцыяй і пратэстоўцамі. Аднак менавіта ваенныя, наша ліванская армія дала пратэстоўцам права бяспечна выказваць сваё меркаванне на гарадскіх плошчах. Так, дзе-нідзе — у раёне Жаль Эль Дзіб, у Хальдэ, у цэнтры Бейрута — яны прымушалі пратэстоўцаў адкрываць дарогі для праезду транспарту і ў першую чаргу экстранных службаў. Аднак у гэтым жа і павага да краіны, да яе паўсядзённага жыцця.

Але было некалькі вострых выпадкаў — пра іх ведаюць і гавораць усе, і ўсім зразумелая іх выключнасць. Алаа абу-Фахр, малады друз, выйшаў пратэставаць у Хальдэ, гэта прыгарад Бейрута. З ім былі сябры, былі жонка і сын. Усе разам яны перакрылі дарогу, а тут якраз ехаў армейскі палкоўнік на машыне з кіроўцам, таксама вайскоўцам. Яны спрабавалі прарвацца, адбылася размова на павышаных танах, і палкоўнік загадаў свайму кіроўцу страляць у Алаа.
Салдат стрэліў хлопцу ў галаву — проста на вачах у яго жонкі, сына, дзясяткаў відавочцаў. Вестка пра гэта забойства разнеслася па ўсім Ліване, Алаа ў адно імгненне стаў сімвалам супраціву.
Па ўсёй краіне яго фота з сацсетак глядзела з велізарных білбордаў, яму прысвячалі графіці, на плошчах можна было паставіць штамп з партрэтам Алаа на руку ці на твар. Ён, паўтаруся, друз, — але за яго выйшлі і шыа, і суны, і хрысціяне.
І ўсё ж, нягледзячы на такія выпадкі, мы, ліванцы, кажам: армія з народам. Яна абараняе пратэстоўцаў, калі на іх нападаюць гопнікі, нанятыя ўладай. Яна не дапускае правакацый, якія маглі б зганьбаваць рэвалюцыю.
Акрамя арміі, з пратэстоўцамі ўзаемадзейнічае паліцыя, і тут усё складана.

Вось, напрыклад, паліцэйскае падраздзяленне, якое ахоўвае парламент, адміністрацыйна падпарадкоўваецца МУС. Але кожны яго супрацоўнік быў адабраны асабіста начальнікам паліцыі парламента, які, у сваю чаргу, быў прызначаны спікерам парламента Набіхам Беры. Так што паліцыя, якая ахоўвае парламент, цалкам лаяльная спікеру, некаторыя з гэтых паліцэйскіх нават вешаюць на сваю ўніформу значок яго партыі "Амаль", што, вядома, зусім незаконна.
Зразумела, што большасць пратэстаў у Бейруце праходзяць у цэнтры горада, у ваколіцах парламента — і якраз у зоне адказнасці гэтага падраздзялення паліцыі. Тут часта бываюць сутыкненні і затрыманні. Многім затрыманым пагражае артыкул "Удзел у беспарадках", па ім — штраф ці нават ад трох да пяці гадоў зняволення. Такіх выпадкаў сотні, і кідаць гэтых людзей — не ў правілах ліванскай рэвалюцыі.
Хутка ўтварыўся камітэт адвакатаў, якія пачалі бясплатна абараняць пратэстоўцаў. Як мне расказвае адвакат Васеф аль-Хараке, першая магутная перамога рэвалюцыі: выбралі новага кіраўніка прафсаюза адвакатаў у Бейруце Мельхіма Халафа, які прыняў рашэнне заступацца за пратэстоўцаў. У гэтым камітэце цяпер больш чым 500 адвакатаў, адразу пасля сутыкненняў і арыштаў яны накіроўваюцца ў паліцэйскія ўчасткі і працуюць над вызваленнем затрыманых. І заўсёды — паспяхова. Безадносна да рэвалюцыі камітэт таксама ходзіць і ў турмы, яны даведваюцца, у каго з затрыманых няма адвакатаў. У ліванскіх турмах многія гадамі сядзяць пад следствам. Вось з такімі выпадкамі таксама змагаецца новы камітэт.

Рэвалюцыя — феміністка
Самае лепшае я пакінуў напаследак: расказ пра людзей, якія павінны ў першую чаргу атрымаць ордэн Мужнасці. Толькі гэты ордэн трэба будзе перайменаваць: хай гэта будзе ордэн жаноцкасці.
У гімне Лівана ёсць радок: "Нашы раўніны і нашы горы нараджаюць мужчын". На фасадзе офіса самай старой, паважанай і незалежнай ліванскай газеты "Анахар" вісіць гэты куплет з гімна ў новай рэдакцыі: "Нашы раўніны і нашы горы нараджаюць мужчын і жанчын". Тым самым "Анахар" усім нам дае зразумець, наколькі многім ліванская рэвалюцыя абавязана жанчынам. З самага пачатку яны на перадавой: студэнткі, хатнія гаспадыні, мастачкі, дактары, адвакаты — усе. У арабскай мове "рэвалюцыя" — слова жаночага роду.
І вось на многіх плакатах ліванскага пратэсту мы чытаем: Revolution is female. І нават: Our revolution is feminine. "Рэвалюцыя — феміністка".

На адной з плошчаў Бейрута я пазнаёміўся з Гітай Мшэйк, яна з Баальбека — гэта даволі кансерватыўны шыіцкі горад. Але Гіта не носіць хіджаба. Яна ўжо скончыла журфак, цяпер вучыцца на юрфаку, марыць стаць суддзёй. Разам з сябрамі яна арганізавала вулічны тэатр, у маленькай пастаноўцы "Суд рэвалюцыі" яна мае ролю Галоўнага Суддзі, судзіць карумпаваных палітыкаў.
— Як жанчыны і дзяўчаты выходзяць на першы план? — разважае яна. — Вось прыклад: калі бацька ў чымсьці адмовіць дзіцяці, то дзіця ідзе да мамы, і мама бацьку ўгаворыць. І калі б мая мама і іншыя мамы не падтрымалі б нас, то мы б не змаглі выйсці на вуліцы і выказаць сваё меркаванне. Калі маладых людзей забіраюць у паліцыю — мамы прыходзяць пад сцены ўчасткаў. Мамы выходзяць на плошчы разам са сваімі сынамі і дочкамі, яны стукаюць каструлямі, каб дастукацца ўжо да ўладаў. Мы здымаем капялюш перад нашымі мамамі!
Пры падтрымцы "Медыясеткі"