Літва за міграцыйны крызіс патрабуе з Беларусі мінімум 200 мільёнаў еўра

Мігранты спрабуюць перайсці мяжу, ілюстрацыйнае фота

Мігранты спрабуюць перайсці мяжу, ілюстрацыйнае фота / x.com/Straz_Graniczna

Больш за 200 мільёнаў еўра патрабуе Літва з Беларусі ў якасці кампенсацыі за шкоду ад міграцыйнага крызісу на мяжы. Пра гэта інфармагенцтву BNS расказалі ў Міністэрстве юстыцыі Літвы.

"У пазове Літоўскай Рэспублікі пазначана, што дзяржава запатрабуе кампенсацыі шкоды, і <...> першапачатковыя ацэнкі шкоды складаюць больш за 200 мільёнаў еўра, вылучаных на пераадоленне крызісу толькі ў сістэме ўнутраных спраў. Разлікі будуць удакладненыя", — заявілі ў ведамстве.

У сваім пазове Літва адзначае, што праз дзеянні з боку рэжыму Лукашэнкі была вымушаная ўкладаць грошы ў будаўніцтва фізічнай загароджы, умацаванне сістэм памежнага кантролю і размяшчэнне на мяжы большай колькасці асабістага складу, "чым калі-небудзь раней".

Літоўскія памежнікі падлічылі, што з 2021 па 2023 год прадухілілі 23,6 тысячы выпадкаў нелегальнага пранікнення ў краіну.

Пазоў у Міжнародны суд ААН Літва падала 19 траўня. На мінулым тыдні МЗС польшчы паведаміў Еўрарадыё, што разглядае магчымасць далучэння да пазову.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.