Польшча разглядае прапанову Літвы далучыцца да пазову супраць Беларусі
МЗС Польшчы / gov.pl
Польшча загадзя ведала, што Літва рыхтуе пазоў супраць Беларусі ў Міжнародны суд ААН. Цяпер польскі бок вывучае прапанову афіцыйнай Вільні далучыцца да гэтага пазову. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе МЗС Польшчы на запыт Еўрарадыё.
"Міністэрства з задавальненнем адзначае ўзбуджэнне Літвой справы супраць Беларусі ў Міжнародным судзе. Мы адзначаем, што ведалі пра гэтыя планы і згодныя з ацэнкай Літвы пра грубае парушэнне Беларуссю міжнароднага права, у тым ліку пратаколу супраць незаконнай перавозкі мігрантаў.
Польскае Міністэрства замежных спраў уважліва разглядае прапанову Літвы ў кантэксце магчымага ўдзелу нашай краіны ў разглядзе", — гаворыцца ў адказе МЗС.
19 траўня Літва падала ў Міжнародны суд ААН пазоў супраць Беларусі за арганізацыю міграцыйнага крызісу на мяжы. Афіцыйная Вільня вінаваціць рэжым Лукашэнкі ў парушэнні міжнародных дамоваў, у тым ліку пратакола супраць незаконнага ўвозу мігрантаў. Пазней літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа прапанаваў краінам рэгіёна, якія пацярпелі ад міграцыйнага крызісу, далучыцца да пазову.