Літва прапануе краінам рэгіёна далучацца да пазову супраць Беларусі

Беларуска-літоўская мяжа, ілюстрацыйнае фота

Беларуска-літоўская мяжа, ілюстрацыйнае фота / LRT

Краіны рэгіёну могуць далучыцца да пазову, які Літва падала ў Міжнародны суд ААН у Гаазе, каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за міграцыйны крызіс. Такую прапанову агучыў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

"Я лічу, што заўсёды ёсць магчымасць далучэння нашых партнёраў на больш познім этапе. Тое, што мы праявілі лідарства, — гэта вельмі добра. Мы гэтым паказалі, што нам непрымальна тое, што адбываецца ў суседніх дзяржавах",перадае LRT словы Наўседы.

Напярэдадні Літва падала ў Міжнародны суд ААН заяву. Яна вінаваціць кіраўніцтва Беларусі ў парушэнні абавязанняў, прадугледжаных пратаколам ААН супраць незаконнай перавозкі мігрантаў па сушы, моры і паветры.

Наўседа адзначыў, што міграцыйны крызіс на беларускай мяжы не скончыўся: "Гэта адбываецца зноў, зноў абвастраецца, зноў стварае напружанасць ля нашай мяжы. І толькі наіўны чалавек не зразумее, што гэта робіцца свядома — з мэтай эскалацыі, дэстабілізацыі абстаноўкі і стварэння дадатковых праблем як для нашых краін, так і для ўсяго Еўрапейскага саюза".

Літва патрабуе ад афіцыйнага Мінска поўнай кампенсацыі шкоды, у тым ліку выдаткаў на будаўніцтва загарод на мяжы. Таксама кіраўніцтва Літвы хоча атрымаць гарантыі, што падобныя дзеянні не паўторацца ў будучыні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.