Запрашэнне 150 тысяч пакістанцаў у Беларусь насцярожвае Польшчу

На беларуска-польскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

На беларуска-польскай мяжы, ілюстрацыйнае фота / Agnieszka Sadowska / Agencja Wyborcza.pl

Масавы прыезд пакістанцаў у Беларусь па запрашэнні Лукашэнкі можа сур'ёзна паўплываць на сітуацыю на мяжы з Польшчай. Такое меркаванне ў гутарцы з выданнем Niezalezna.pl выказаў дарадца прэзідэнта Польшчы, прэзідэнт фонду "Інстытут нацыянальнай бяспекі" Станіслаў Жарын.

Жарын мяркуе, што дзясяткі тысяч пакістанцаў могуць завозіць у Беларусь не дзеля запаўнення мясцовага рынку працы, а ў рамках гібрыднай вайны, якую рэжымы Лукашэнкі і Пуціна вядуць супраць Польшчы і краін Балтыі. Паводле яго, польскія службы цягам некалькіх апошніх тыдняў фіксуюць узмацненне міграцыйнага ціску на мяжы з Беларуссю: толькі за мінулыя выходныя было зарэгістравана больш за 115 спробаў незаконна трапіць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі.

Жарын заявіў, што ў 2021-2023 гадах Беларусь "цынічна і адкрыта выкарыстоўвала візы — студэнцкія або працоўныя — для таго, каб раскруціць міграцыйны маршрут, які стаў элементам гібрыднай аперацыі супраць Польшчы".

Эксперт мяркуе, што бліжэйшыя тыдні і месяцы могуць быць вельмі актыўнымі на мяжы з Беларуссю. "Такія пагадненні, якія заключаюцца Мінскам, могуць прадвяшчаць яшчэ большы напор на мяжу", — дадаў ён.

Пра намер завезці ў Беларусь 100-150 тысяч пакістанцаў, каб запоўніць працоўны рынак, Лукашэнка заявіў 11 красавіка падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам краіны Шахбазам Шарыфам

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.