Літва ўначы спыняла пропуск транспарту з Беларусі

Літоўская мяжа ў ноч на сераду была закрытая

Літоўская мяжа ў ноч на сераду была закрытая / Мытны камітэт Беларусі

У ноч на сераду Літва спыніла рух грузавога і легкавога транспарту на мяжы ў двух кірунках. У 3:00 быў спынены рух праз пункт пропуску "Шальчынінкай" (з беларускага боку "Беняконі"), а з 5:00 — праз пункт пропуску "Мядзінінкай" ("Каменны Лог"), паведамляе Мытны камітэт Беларусі. Праца была адноўленая каля 9-1й гадзіны раніцы.

Літоўскі бок паведамляе, што адпаведнае рашэнне было прынятае камандуючым Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Рустамам Любаевым: "Гэта акцыя па забеспячэнні бяспекі Літвы, звязанай з паветранымі шарамі, якія запускаюцца з Беларусі ў Літву ўначы".

Літоўскія СМІ пішуць пра незвычайна вялікую колькасць метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, запушчанымі з тэрыторыі Беларусі. Віленская паліцыя паведамляе пра некалькі дзясяткаў паветраных зондаў. У выніку нават была спыненая праца Віленскага аэрапорта: адмянілі каля 30 авіярэйсаў.

Кіраўнік літоўскага Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас назваў начную хвалю кантрабандных метэазондаў адным з самых маштабных уварванняў сёлета. Паводле яго, кантрабандныя паветраныя шары з Беларусі былі выяўленыя ў пяці рэгіёнах, у тым ліку непасрэдна ў Вільні.

"Апошняя хваля была зафіксаваная недалёка ад аэрапорта. Геаграфія вельмі шырокая, што паказвае: інтэнсіўнасць запускаў была вельмі высокай. Хутчэй за ўсё, гэта адбывалася не з аднаго пункту, а было скаардынаванай аперацыяй",сказаў Віткаўскас у інтэрв'ю радыё LRT.

Таксама паведамляецца, што затрыманы адзін чалавек і выяўлена восем паветраных шароў.

Літва ўначы спыняла пропуск транспарту з Беларусі
Літоўская мяжа ў ноч на сераду была закрытая / Мытны камітэт Беларусі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.