Літоўскі гісторык пра ВКЛ: "Беларусы прыносілі культуру, літоўцы больш ваявалі"
Акцыя салідарнасці жыхароў Вільні з беларусамі 23 жніўня 2020 года / "Новая газета — Балтия"
"Літоўскі бок лічыць ВКЛ літоўскім праектам, дзе літоўцы заваявалі землі. Так, яны страцілі мову, з язычнікаў сталі хрысціянамі і каталікамі, але засталіся патрыётамі, абаранялі гэтую дзяржаву", — тлумачыць бачанне Вялікага Княства Літоўскага літоўскі гісторык Русціс Камунтавічус.
У час Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі Камунтавічус прэзентаваў "першую літоўскую гісторыю Беларусі". У эфіры Еўрарадыё ён расказаў, чым адрозніваецца наша і літоўскае бачанне ВКЛ.
— Груба кажучы, для літоўцаў гісторыя ВКЛ кіравання Міндоўга — гэта іх гісторыя. Тая Літва, якая з'явілася пасля Першай сусветнай вайны, якраз глядзела на ВКЛ як на базіс, на пачатак літоўскай дзяржаўнасці. Таму і быў вялікі канфлікт з палякамі.
Як выглядаюць беларусы з літоўскага боку? Яны шукаюць кампрамісы, нейкага сяброўства з суседзямі, выйсця, якое было б добрым для іх. Наратыў такі: мы з беларусамі супрацоўнічалі, будуючы ВКЛ. Беларусы прыносілі культуру, літоўцы больш ваявалі, таму літоўцы і перанялі беларускую мову. Літоўскі наратыў больш імперскі, заваёўніцкі, а беларускі — рэспубліканскі, дэмакратычны, — сцвярджае Русціс Камунтавічус.
Пры гэтым адрозненні ў бачанні агульнай гісторыі ствараюць пагрозы сёння, дадае гісторык:
— Цяпер шмат гаворыцца пра пагрозы, асабліва ў Літве ў сённяшняй геапалітычнай сітуацыі. Кажуць, што беларусы прыйдуць і забяруць назад Вільню або Усходнюю Літву.
Маўляў, вось сталіца ВКЛ была Вільня, там жылі беларусы, і гэта можа быць падставай, каб забраць горад назад. А дапаможа ў гэтым беларусам Расія. Вось такія ёсць праблемы. Але зразумела, што вельмі складана ўявіць, што гэта можа здарыцца ці беларускія нацыяналісты сур'ёзна пра гэта думаюць.