Літоўская мытня раскрыла схему абыходу санкцый пры пастаўках у Беларусь і РФ

Літоўскія мытнікі раскрылі схему абыходу санкцый

Літоўскія мытнікі раскрылі схему абыходу санкцый / lrmuitine.lt

Літоўскую транспартна-лагістычную кампанію падазраюць у абыходзе санкцый пры пастаўцы тавараў у Беларусь і Расію.

У офісе кампаніі ў Вільні, а таксама дома ў яе кіраўнікоў і супрацоўнікаў адбыліся ператрусы, паведамляе літоўская мытня. Іх зладзілі 10 красавіка супрацоўнікі мытнай крымінальнай службы і Еўрапейскага бюро OLAF.

У мытні кажуць, што кампанія выкарыстоўвала схему так званага фальшывага транзіту. Згодна з дакументамі тавары накіроўваліся ў дзяржавы Сярэдняй Азіі (пераважна Кыргызстан), а адтуль нелегальна ўвозіліся ў РФ. Кампанія не толькі сама забяспечвала пастаўкі, але і дапамагала рабіць гэта іншым прадпрыемствам.

"Падчас ператрусаў былі канфіскаваныя буйныя сумы грошай, зброя і вялікая колькасць патэнцыйна падсанкцыйных тавараў, для вывазу якіх спатрэбілася два грузавікі. Мяркуецца, што гэтыя тавары павінны былі трапіць у Расію праз дзяржавы Сярэдняй Азіі", — заяўляюць у мытні.

Кошт канфіскаваных тавараў ацэньваецца ў 1,5 млн еўра. З офіса кампаніі забралі камп'ютары, дакументацыю, у дамах кіраўніцтва і супрацоўнікаў прадпрыемства выявілі 100 тысяч еўра гатоўкай, зброю і выбуховыя рэчывы.

Дырэктара і ўладальніка кампаніі, а таксама трох супрацоўнікаў затрымалі. Пасля допыту іх вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.