Лідара "Зялёных" Змітра Кучука паставілі ў калоніі ў "нізкі статус"

Зміцер Кучук пасля вызвалення

Зміцер Кучук пасля вызвалення / Белсат

Лідара партыі "Зялёныя" Змітра Кучука ў калоніі паставілі ў "нізкі статус". Пра гэта экс-палітвязень расказаў пасля вызвалення.

"Чатыры галадоўкі, у "адзіночцы" літаральна сем месяцаў, мне там нейкі "нізкі статус" далі — сказалі, што я тыпу ў Беларусі ўзначальваў ЛГБТ-супольнасць. Былі такія катаванні, што проста…" перадае "Белсат" словы Кучука.

У беларускай калоніі "нізкі статус" — самая нізкая прыступка турэмнай іерархіі: зняволенаму выдумляюць прыніжальныя правілы, ізалююць ад іншых, ціснуць і дыскрымінуюць значна больш за іншых.

Паводле Кучука, яго прэсавала і адміністрацыя, і самі зняволеныя. Мужчына кажа, што ў жылой зоне калоніі яму не давалі праходу. Падтрымку ён адчуваў ад людзей, асуджаных паводле "экстрэмісцкіх" артыкулаў, ад тых, хто трапляў у няволю паўторна або паводле 411-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Таксама, кажа Кучук, падтрымлівалі "простыя мужыкі, якія з галавой", і некаторыя маладзейшыя супрацоўнікі.

Лідара партыі "Зялёныя" затрымалі 16 лютага 2024 года, калі ён ішоў да расійскай амбасады ўскласці кветкі ў памяць пра Аляксея Навальнага. Кучука абвінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і закліках да санкцыяў. Яго асудзілі на 6 гадоў калоніі, за кратамі ён правёў паўтара года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.