Летась беларусы найчасцей атрымлівалі ДНЖ у Польшчы

Беларусы пераязджаюць у краіны Еўрасаюза, ілюстрацыйнае фота

Беларусы пераязджаюць у краіны Еўрасаюза, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА

У 2024 годзе беларусы атрымалі амаль 175 тысяч першасных дазволаў на пражыванне ў краінах Еўрасаюза. Гэта на траціну менш, чым у 2023-м (тады была 281,5 тысячы), але ўсё яшчэ значна больш, чым да 2020 года. Пра гэта піша "Белсат", які вывучыў статыстыку Еўрастату.

"Першасны дазвол на пражыванне" — гэта любы дакумент, выдадзены ўпершыню, які дае права жыць у краіне ЕС больш за тры месяцы запар. У гэтую катэгорыю трапляюць не толькі класічныя віды на жыхарства (ВНЖ), але і нацыянальныя доўгатэрміновыя візы (тып D), у тым ліку гуманітарныя, працоўныя, навучальныя ды іншыя. У статыстыку, аднак, не залічваюцца дакументы часовай абароны і кароткатэрміновыя візы да 90 дзён, а таксама падаўжэнне ці замена ўжо выдадзеных дакументаў.

Найбольшая колькасць такіх дакументаў для беларусаў выдадзеная ў Польшчы — 151 116 (86%). Другое месца займае Літва — 15 812 дакументаў. За трэцяе месца спаборнічалі Германія (1411) і Іспанія (1404), якія выдалі амаль роўную колькасць дазволаў.

Асноўная колькасць — людзі ва ўзросце 30–39 гадоў, пераважна мужчыны, якія з’язджаюць працаваць.

Прычыны пераезду адрозніваюцца па краінах. У Літве асноўнай прычынай міграцыі называюць працу, у Польшчы вялікая частка трапіла ў катэгорыю "іншыя прычыны". У Германіі ды Іспаніі прычынай пераезду найперш называюць сям’ю.

Пасля 2020 года з Беларусі паводле самых асцярожных ацэнак выехала каля 500 тысяч чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.