Лепш за ўсё ўкраінцы ставяцца да Лукашэнкі, горш за ўсё — да Пуціна

Сярод сусветных лідараў украінцы горш за ўсё ставяцца да Уладзіміра Пуціна, а лепш за ўсё — да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага Сацыялагічнай групай “Рэйтынг”.
Да Аляксандра Лукашэнкі сімпатыю выказваюць 65% апытаных. Наступным пасля беларускага кіраўніка ідзе канцлер Германіі Ангела Меркель: да яе добра ставяцца 58%. Да прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ — 51%, да лідара Польшчы Анджэя Дуды і прэзідэнта ЗША Барака Абамы — па 49%. Станоўча да Пуціна ставяцца ўсяго 10% рэспандэнтаў.
Рэйтынг негатыўнага стаўлення ўкраінцаў узначальвае Уладзімір Пуцін — 80%. Траціна рэспандэнтаў негатыўна ставяцца да Абамы, чвэрць — да Аланда, Назарбаева і Меркель. 20% негатыўна ставіцца да Лукашэнкі, каля 17% — да Грыбаўскайтэ.
Варта адзначыць, чым вышэй узровень адукацыі рэспандэнтаў і іх матэрыяльны статус, тым лепш сярод іх стаўленне да заходніх лідараў і, адпаведна, горш да Лукашэнкі і Пуціна. За апошнія 4 гады ўзровень пазітыўнага стаўлення да прэзідэнта Расіі пагоршыўся з 53% да 10%.