Крысціна Ціманоўская абвінаваціла былога мужа ў супрацы з КДБ

Крысціна Ціманоўская і Арсень Зданевіч 

Крысціна Ціманоўская і Арсень Зданевіч 

Бягуха Крысціна Ціманоўская мяркуе, што яе былы муж Арсень Зданевіч супрацоўнчае з беларускім КДБ. Пра гэта беларуская спрынтарка, якая з 2023 года выступае за Польшчу, расказала ў інтэрв’ю польскаму выданню Interia Sport.

Крысціна і Арсень былі разам дзевяць гадоў, з іх шэсць пражылі ў афіцыйным шлюбе. Пасля скандалу з удзелам Ціманоўскай на Алімпіядзе ў Токіа Арсень пакінуў Беларусьь і далучыўся да жонкі ў Польшчы. Пазней спарктоўка казала, што за два гады вымушанага пераезду ў Польшчу яны некалькі разоў расставаліся. А ў 2023 годзе пара афіцыйна развялася.

У лютым 2025 года стала вядома, што Зданевіч вярнуўся ў Беларусь і працуе на нізкааплатных фізічных працах. Таксама ён схадзіў на праграму да прапагандыста Рыгора Азаронка, дзе расказаў, што прагаласаваў за Лукашэнку і заблакаваў былую жонку ва ўсіх сацсетках.

У інтэрв'ю польскаму выданню Ціманоўская расказала, што былы муж атрымаў польскае грамадзянства на падставе прэзідэнцкага рашэння па яе просьбе.

"Аднак цяпер ён знаходзіцца ў Беларусі і супрацоўнічае там з КДБ. Цяпер ён там кажа, што ніколі не хацеў польскага грамадзянства і што яму яно зусім не патрэбна. Мне дзіўна, што ў Польшчы ніхто не звярнуў увагі на той факт, што наш грамадзянін супрацоўнічае з КДБ", — заявіла бягуха.

На пытанне, ці лічыць яна, што Арсень супрацоўнічаў з КДБ падчас іх шлюбу, спартоўка адказала: "Не думаю, але хто ведае".

Ціманоўская прызнаецца, што не хоча, каб муж прыязджаў у Польшчу, і звярталася да польскіх чыноўнікаў з гэтай нагоды: "Я б не хацела, каб ён зноў прыязджаў у Польшчу. Бо невядома, што ён можа зрабіць у нашай краіне, калі супрацоўнічае з КДБ. Не скажу, што баюся, што ён прыедзе да мяне, але мне дакладна некамфортна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.