Крымінальную справу "Прэс‑клуба" закрылі ў сувязі з пакрыццём шкоды
Юлія Слуцкая / Еўрарадыё
Генеральная пракуратура закрыла крымінальную справу па абвінавачванні Юліі Слуцкай ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Пятра Слуцкага, Алы Шарко і Сяргея Альшэўскага – у аказанні ёй дапамагання ў сувязі з вяртаннем шкоды, паведаміла ведамства.
Як распавялі ў пракуратуры, "у ходзе папярэдняга следства абвінавачваныя прызналі сваю віну ў поўным аб'ёме і далі паказанні пра абставіны злачынства. Пакрылі прычыненую шкоду і заплацілі крымінальна-прававую кампенсацыю ў аналагічным памеры".
Слуцкую затрымалі 22 снежня ў аэрапорце, у яе кватэры правялі ператрус, пасля якога затрымалі і яе сына Пятра. Крымінальную справу ў канцы мінулага года завёў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі. Пасля крымінальную справу перадалі ў Следчы камітэт.
Праз некаторы час пасля затрымання сваякі арыштаваных пералічылі на рахунак СК амаль 110 тысяч рублёў як забеспячэнне кампенсацыі магчымай шкоды.