Крамы папулярнага польскага абутку ў Мінску зачыняюцца з другой спробы
Крама Wojas / smartpress.by
У Мінску з 29 верасня зачыняюцца крамы польскага абутку Wojas. Пра гэта выданню "Смартпресс" паведамілі прадстаўнікі рытэйлера.
"Заснавальнік — польскі бок прыняў рашэнне. 29 верасня — апошні працоўны дзень дзвюх крам: у ГЦ Expobel і ў GreenCity. У ГЦ "Замак" крама ўжо зачыненая", — перадае выданне словы супрацоўнікаў кампаніі "Вояс Бел".
Прычынай закрыцця называюць немагчымасць прывезці тавар. Улетку кампанія спрабавала атрымаць квоты ад Беллегпрама, але той іх не выдаў: "Няма тавару, і няма магчымасці завезці тавар. Мы спрабавалі, і заснавальнікі спрабавалі. Але, на жаль, у сувязі з санкцыямі няма магчымасці працягваць працу".
Нераспрададзеныя да 29 верасня рэшткі абутку і галантарэі вернуць у Польшчу. Гэта стандартная працэдура ў канцы кожнага сезону.
У "Вояс Бел" кажуць, што з аналагічнымі праблемамі сутыкнуліся ўсе прадаўцы польскага абутку: завезці тавар не змог ніхто.
Звесткі пра закрыццё крамаў Wojas у Беларусі ўпершыню з'явіліся сёлета 26 траўня. Супрацоўнікі сеткі казалі, што распрадаюць тавар і спыняюць працу. Прычынай называліся контрсанкцыі рэжыму Лукашэнкі супраць заходніх краін.
Праўда, ужо на наступны дзень, 27 траўня, кіраўніцтва рытэйлера абвергла звесткі пра закрыццё крамаў.