Колькі страціць Беларусь ад закрыцця мяжы з ЕС? Чыгуначнікі палічылі
Калі мяжу закрыюць, то праблемы разграбаць прыйдзецца доўга / newsbel.by
Польшча, Літва і Латвія пагражаюць Беларусі поўным закрыццём мяжы праз міграцыйны крызіс і правакацыі. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі падлічыла, колькі страціць Беларуская чыгунка, калі суседзі ажыццявяць свае пагрозы.
Гаворка ідзе пра пяць чыгуначных пунктаў пропуску, праз якія ідуць тавары. Тры пункты на мяжы з Польшчай ("Брэст — Цярэспаль", "Брузгі — Кузніца", "Свіслач — Семяноўка"). Адзін з Літвой ("Гудагай — Кяна") і яшчэ адзін з Латвіяй ("Бігосава — Індра"). Пункт "Стасілас — Беняконі" на мяжы з Літвой зачынілі яшчэ ў лютым 2023 года.
Паводле звестак супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, за сем месяцаў 2023 года БЧ зарабіла на перавозках праз еўрапейскую мяжу больш за $155 млн. У тым ліку на грузах з Кітая.
Самы вялікі паток ішоў праз Польшчу — на $98 млн, затым Літва — $37,8 млн і Латвія — $19,6 млн.
Яшчэ каля $6 млн БЧ атрымлівае за кошт пасажырскіх перавозак у Калінінградскую вобласць праз Літву.
Усяго даходы БЧ ад перавозак пасажыраў і грузаў праз мяжу з Еўропай за сем месяцаў 2023 года склалі больш за $161 млн.
У месяц гэта каля $23 млн. Значыць за год страты могуць скласці каля $280 млн.
— Гэта толькі прамыя страты. Ускосныя будуць больш цяжкімі і трагічнымі. Прычым калі для экспартна-імпартных перавозак Беларусь можа выкарыстоўваць больш дарагія шляхі дастаўкі грузаў праз Расію, то ў частцы транзітных грузаў кампенсавальных захадаў мы не бачым.
На думку супольнасці чыгуначнікаў, БЧ давядзецца скарачаць штат, а стан чыгункі на захад і поўнач ад Мінска будзе пагаршацца.
— Блакада катастрафічна адаб'ецца на многіх буйнейшых чыгуначных вузлах. Асабліва пацерпіць Брэст як вузел, які абслугоўвае польскі напрамак. Тут можна смела казаць аб ліквідацыі аддзялення БЧ як структуры.