Колькасць загінулых ад расійскага ўдару па кафэ ў Краматорску вырасла да 12
Наступствы траплення расійскай ракеты ў кафэ ў Краматорску / @dsns_telegram
Аварыйна-выратавальныя работы ў кафэ ў горадзе Краматорск (Данецкая вобласць) завершаны, паведамілі ў Дзяржаўнай службе па надзвычайных сітуацыях Украіны. 27 чэрвеня ў гэтую кавярню трапіла адна з расійскіх ракет "Іскандэр".
Сёння раніцай ратавальнікі дэблакавалі цела яшчэ адной ахвяры. Усяго загінулі 12 чалавек, у тым ліку трое дзяцей. Яшчэ 60 чалавек пацярпелі. Сярод пацярпелых таксама ёсць дзіця.
Расіяне сцвярджаюць, што наносілі ўдар па месцы, дзе былі вайскоўцы. Тым не менш сярод загінулых — тры непаўналетнія дзяўчынкі, сёстры Юлія і Ганна Аксенчанка 14 гадоў (сёлета яны скончылі восьмы клас мясцовай школы). Яшчэ адной загінулай было 17 гадоў.