Кліматолаг: Самым спякотным гэта лета было для Германіі і Беларусі

Паводле дадзеных NASA, лета 2015 года было адным з самых гарачых. Прынамсі, ліпень стаў найгарачэйшым на планеце за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Згодна з даследаваннямі амерыканскіх навукоўцаў, наша планета цяпер мае найвышэйшую тэмпературу за апошнія 4000 гадоў.

Кліматолаг Каралеўскага інстытута метэаралогіі Нідэрландаў Герт Ян ван Олдэнборг кажа, што гэтым летам былі тры хвалі спёкі ў Еўропе. Першая — у пачатку ліпеня і напаткала Заходнюю Еўропу. Другая — у канцы ліпеня ў Цэнтральнай Еўропе. І трэцяя хваля была ў пачатку жніўня ў Польшчы і Беларусі.

“Я гляджу на мапу хваляў спёкі. На трохдзённыя хвалі, бо гэта самы небяспечны перыяд. Ведаеце, за адзін дзень спёкі людзі звычайна не маюць праблем, бо жыллё яшчэ не паспявае нагрэцца, а вось за тры дні спёка становіцца вельмі небяспечнай. Дык вось калі зірнуць на гэтую мапу, два рэгіёны ў Еўропе мелі найгоршыя хвалі спёкі — паўднёва-ўсходняя частка Германіі і Беларусь”, — кажа кліматолаг.

Ён дадае таксама, што калі паглядзець на трэнд, то ў Беларусі такія хвалі анамальнай спёкі цяпер з’яўляюцца раз на пяць гадоў. А яшчэ 50 гадоў таму яны прыходзілі толькі раз на 10 гадоў.

Начальнік службы метэапрагнозаў Беларусі Дзмітрый Рабаў дадае, што гэтым летам сярэдняя тэмпература была вышэйшай за норму на 0,5-3 градусы, прычым ва ўсе тры месяцы. Самым гарачым стаў жнівень. Максімальная тэмпература была зафіксаваная на метэастанцыі “Брэст” 9 жніўня — +37. Было і вельмі суха. Напрыклад, у Гомельскай вобласці ніводная метэастанцыя не зафіксавала ападкаў за першую дэкаду жніўня.

“Прычыны такой анамальнай сітуацыі пачалі складвацца яшчэ з леташняй восені. Яна была цёплай і анамальна сухой, такой сухой восені не назіралася яшчэ ніводнага разу. Узімку амаль не было снежнага покрыва, а калі яно з’яўлялася, то хутка раставала. Вясна прыйшла заўчасна і з высокімі тэмпературамі”, — тлумачыць сітуацыю Дзмітрый Рабаў.

Кліматолаг Герт Ян ван Олдэнборг кажа, што такое спякотнае лета — трэнд, уласцівы глабальнаму пацяпленню. Цяпер лета на 1-1,5 градуса цяплейшае, чым 50 гадоў таму. Гэта можна заўважыць амаль ва ўсім свеце.

На думку навукоўцаў, наступны год будзе яшчэ цяплейшым. Прычынай гэтаму стане феномен Эль-Ніньё, які развіваецца ў Ціхім акіяне. Падчас яго падымаецца тэмпература акіянічнай вады, што зменіць клімат Амерыкі, Азіі і  Афрыкі.

Фота: AP Photo/Alvaro Barrientos, ncdc.noaa.gov