Кіроўцу, які збіў дзіця ў мінскім двары, пагражае пяць гадоў турмы (відэа)

Следчы камітэт расследуе дарожнае здарэнне ў Мінску, у якім сур’ёзна пацярпела дзіця. У аўторак увечары ў двары дома па вуліцы Гедройца 5-гадовая дзяўчынка нечакана выскачыла перад аўтамабілем БМВ, які рухаўся на невялікай хуткасці, і трапіла пад колы. Цяпер следства высвятляе, ці мог кіроўца своечасова заўважыць дзіця і перадухіліць сутыкненне.

Аднак ужо вядома, што дзіця ў той момант засталося без належнага дагляду дарослых. Дзяўчынку разам з яе шасцігадовым братам пакінуў у двары бацька. Спачатку ён пайшоў у краму, а потым вярнуўся і сказаў дзецям, што падымецца ў кватэру і занясе прадукты, а потым спусціцца ў двор і яны разам пойдуць дадому. ДТЗ адбылося якраз тады, калі бацька быў у кватэры.

На кіроўцу БМВ завялі крымінальную справу за парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула за сабой нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці. Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі, перадае Onliner.by