Кіраўнік МЗС Літвы: рэжым Лукашэнкі шукае патэнцыйных мігрантаў у розных краінах
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі шукае патэнцыйных нелегальных мігрантаў не толькі ў Іраку, але і ў іншых краінах. Пра наяўнасць такіх сігналаў заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.
"На мінулым тыдні гаварылася пра перамовы Лукашэнкі з Марока, цяпер чуем пра Пакістан", — перадае delfi.lt словы кіраўніка літоўскай дыпламатыі.
Як вядома, з сённяшняга дня кампанія Iraqi Airways прыпыніла рэйсы ў Беларусь.
Улады Літвы абвінавачваюць афіцыйны Мінск у спрыянні нелегальнай міграцыі. Сёлета літоўскія памежнікі затрымалі нелегальных мігрантаў амаль у 50 разоў больш, чым летась.