Кіраўнік “Белгазпрамбанка”: “Белавія” вядзе вайну з пасажырамі бізнес-класа

Кіраўнік “Белгазпрамбанка”: “Белавія” вядзе вайну з пасажырамі бізнес-класа

Кампанія “Белавія” вядзе вайну з пасажырамі бізнес-класа. Такую жартаўлівую выснову зрабіў старшыня праўлення “Белзагпрамбанка” Віктар Бабарыка пасля свайго досведу карыстання паслугамі авіяперавозчыка, самалётам якога ляцеў да Рыгі.

“Гэтай нататкай я пачынаю летапіс аб неймавернай мужнасці і гераізме, вартых іншага прымянення, кіраўнікоў і менеджэраў кампаніі Белавія, праяўленых у барацьбе з "тлустымі катамі і вашывымі блохамі", а менавіта пасажырамі бізнес-класа. Пачалася гэтая барацьба даволі даўно, але бо яна вялася ў рамках нябачнай і неаб'яўленай вайны, то адзін з бакоў, а менавіта пасажыр бізнес-класа, г.зн. я, нічога не ведаў пра гэта, а значыць і зводак з палёў бітвы да гэтага часу не было”, — напісаў банкір у сваім Фэйсбуку.

Далей Віктар Бабарыка падрабязна і з гумарам распавядае пра свае злаключэнні. Раніцай 11 жніўня ён вылятаў з Нацыянальнага аэрапорта “Мінск” рэйсам “Белавія” да Рыгі. Пасажыры бізнес-класа, якія заплацілі за квіткі нашмат болей за звычайных пасажыраў, не мелі магчымасці прайсці рэгістрацыю на рэйс без чаргі і не атрымалі права хуткай праверкі кантролю бяспекі. Не было для бізнес-класу і асобнага транспарту для дастаўкі на борт. У салоне самалёта былі паламаныя крэслы, а палічкі для ручной паклажы над бізнэс-радамі занялі сваімі рэчамі звычайныя пасажыры. У незапоўненым цалкам салоне бізнес-клас не меў магчымасці свабоднай рассадкі. Ад прапанаванага на борце сняданку банкір адмовіўся, бо “хто яго ведае, што будзе ўтрымлівацца ў мясной нарэзцы ці агурку”.

“На гэтым я завяршаю летапіс першы пра бясслаўную барацьбу кампаніі Белавія з нікчэмнымі пасажырамі бізнес-класа. На жаль, у мяне няма надзеі, што гэты летапіс будзе першым і апошнім. Больш за тое, я ўпэўнены, што ён выкліча абурэнне і крыкі аб несправядлівасці і прадузятасці паасобных асабліва пераборлівых грамадзян, якія ганяць гонар і годнасць адзінай і непаўторнай кампаніі-перавозчыка ў РБ. Але маўчаць больш я не магу. Колькі мне яшчэ прыйдзецца палётаць у бізнэс-класе Белавія не ведаю, але калі я не вярнуся, лічыце мяне нявіннай ахвярай неаб'яўленай вайны”, — жартуе кіраўнік “Белгазпрамбанка”.