Кіраўніцу Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі за перавышэнне хуткасці спыніла ДАІ

У тэлеэфіры яна пахваліла беларускія дарогі. "Літоўскія дарогі лепш за латвійскія, а беларускія лепш за літоўскія. Беларусь выйграе", — заявіла Майра Мора. Па яе словах, якія перадае БелаПАН, ёсць участкі дарог на вельмі добрым еўрапейскім узроўні. 

Разам з тым, дыпламат прызналася, што ёй даводзілася кантактаваць з беларускай Дзяржаўтаінспекцыяй. Некалькі разоў яе спынялі за перавышэнне хуткасці. Майра Мора кажа, што папрасіла прабачэння і сказала, што больш не будзе так рабіць. 

Еўрадыпламат падтрымала ідэю беларускіх уладаў пра будаўніцтва бетонных дарог. "Дарогі, дзе сядаюць самалёты, не могуць быць іншымі", — адзначыла яна. Нагадаем, што нядаўна на аэрадромны ўчастак аўтадарогі Мінск — Магілёў сядалі знішчальнікі МіГ-29 і штурмавікі Су-25 падчас вучэнняў па разгрупаванні авіяцыі.