Кінакрытыкі хочуць уручыць прэмію за лепшы фільм. Можна падавацца нават ютуберам

Прэмія "Чырвоны верас"

Прэмія "Чырвоны верас" / redheatheraward.com

Беларуская прэмія кінакрытыкаў "Чырвоны верас" у трэці раз распачынае прыём заявак. Падавацца могуць праваўладальнікі фільмаў, якія выйшлі ў 2023 і 2024 гадах. Прыём заявак будзе адкрыты з 13 кастрычніка да 9 лістапада 2025 года.

Да разгляду прымаюцца беларускія ігравыя і дакументальныя, поўнаметражныя і кароткаметражныя фільмы, якія ствараліся без удзелу дзяржаўных бюджэтаў Беларусі альбо Расіі. Пад беларускім кіно разумеюцца стужкі, знятыя беларускімі рэжысёрамі альбо беларускімі рэжысёрамі з цалкам ці пераважна беларускаю здымачнаю групай як на тэрыторыі Беларусі, гэтак і за мяжою.

"У мяне няма асаблівых чаканняў ад кінарынку, бо я досыць пільна сачу за кінаполем беларускага кіно і ведаю расклад сілаў. На неспадзяванкі чакаць не выпадае. Пытанне толькі ў тым, хто да 9-га лістапада ўсё ж дашле сваю заяўку, бо бываюць кінематаграфісты, якія пра гэта забываюць, лянуюцца, вагаюцца, чагосьці палохаюцца", — распавядае Еўрарадыё кінакрытык Тарас Тарналіцкі.

У новым сезоне "Чырвонага верасу" павялічылася колькасць намінацыяў. Цяпер заяўнікі таксама змогуць прэтэндаваць на перамогу ў катэгорыі "Найлепшы мантаж", да таго ж у асобную катэгорыю "Найлепшы дакументальны рэпартаж" выведзеныя дакументальныя работы тэле- і YouTube-фармату.

"Першую катэгорыю патрэбна было ўключыць даўно, бо праца мантажораў злачынна абміналася ў мінулыя дзве прэміі. А гэта, калі казаць шчыра, адна з галоўных прац, якая  вызначае як фільм будзе выглядаць на экране, ці зразумее глядач, што за гісторыю яму распавядаюць.

Што тычыцца дакументальных рэпартжаў — гэта прыкмета часу. Праз адсутнасць фінансавання вельмі шмат рэжысёраў мігруюць у прастору медыя, дзе за працу грошы яшчэ плацяць. Праз гэта існуе відавочная неабходнасць падзяляць аўтарскую дакументалістыку, разлічаную на кінатэатральны паказ, з тэледакументалістыкай, якую паказваюць на тэлебачанні і анлайн-платформах. Такога кантэнту хапае і яго блытаюць з фестывальнай дакументалістыкай, што няправільна. Новая катэгорыя вырашае гэту блытаніну", — дадае Тарналіцкі.

Удзел у «Чырвоным верасе» можа быць ананімным. Пераможцаў трэцяй эдыцыі кінапрэміі абвесцяць у лютым 2026 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.