"Гэта паўнавартасная вайна": ХАМАС атакаваў Ізраіль
Мужчына ўцякае ад агню пасля ракетнага ўдару ў Ашкелоне / Reuters
Палестынскі ісламісцкі рух ХАМАС зладзіў самую буйную атаку на Ізраіль за многія гады. Раптоўны напад раніцай 7 кастрычніка суправаджаўся шквалам ракет, выпушчаных з сектара Газа. Некаторыя трапілі ў будынкі ў Тэль-Авіве і Ашкелоне. Ізраіль адказвае авіяўдарамі па сектары Газа.
Мясцовыя СМІ паведамляюць пра перастрэлкі на поўдні Ізраіля.
Вайсковы камандзір ХАМАС Махамед Дэйф абвясціў аб пачатку аперацыі ў эфіры СМІ, заклікаўшы палестынцаў паўсюль змагацца.
— Гэта дзень найвялікшай бітвы за спыненне апошняй акупацыі на зямлі, — сказаў ён, дадаўшы, што было запушчана 5000 ракет. Ізраільскі бок не пацвярджае гэтыя дадзеныя.
Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што тое, што адбываецца — гэта паўнавартасная вайна.
Ізраільскія вайскоўцы перакрылі ўсе дарогі ў Сектар Газа. Улады Ізраіля мабілізуюць рэзервістаў.
— Некалькі тэрарыстаў праніклі на тэрыторыю Ізраіля з сектара Газа, — гаворыцца ў заяве вайскоўцаў.
Жыхарам прылеглых да сектара Газа раёнаў было загадана заставацца ў сваіх дамах.
Беларусы, якія знаходзяцца ў Ізраілі, могуць звярнуцца ў беларускую амбасаду ў выпадку экстрэмальнай сітуацыі па нумары: +972 50 521 48 19.
Адна з ракет, выпушчаных па Ізраілю, трапіла недалёка ад дома, дзе жывуць музыкі беларускага гурта VAL.
Ізраільскі бок паведамляе пра сотні параненых. Таксама ёсць загінулыя.