KFC адмовілася спансіраваць "Іслач" за ўдзел каманды ў дамоўным матчы

KFC адмовілася спансіраваць "Іслач" за ўдзел каманды ў дамоўным матчы

Сетка рэстаранаў хуткага харчавання KFC адмовілася быць генеральным спонсарам футбольнага клуба вышэйшай лігі "Іслач". Дамову аб супрацоўніцтве скасаваная ў сувязі з тым, што гульцы каманды ўдзельнічалі ў дамоўным матчы з брэсцкім "Дынама" 30 красавіка. Пра гэта 2 кастрычніка паведаміў галоўны трэнер "Іслачы" Віталь Жукоўскі на прэс-канферэнцыі пасля матчу супраць БАТЭ (1:4 на карысць барысаўскага клуба).

На гульню 2 кастрычніка футбалісты "Іслачы" выйшлі ў майках з надпісам Fair play ("Сумленная гульня"). Па словах Жукоўскага, гэтым яны хацелі звярнуць увагу на тое, што цяпер у камандзе няма людзей, якія былі замяшаныя ў арганізацыю дамоўнага матчу.

"Мы хацелі паказаць, каб, магчыма, іншыя людзі не траплялі ў такія сітуацыі. Усё гэта ўжо забываецца, час ідзе, усё праходзіць. Мне нават хочацца папрасіць прабачэння перад людзьмі, на якіх я сказаў на прэс-канферэнцыі "вырадкі". Не, гэта не вырадкі. гэта "п...даргі". Я яшчэ раз паўтараю: "п...даргі". Запаланілі ўсё. Таму што гэта жах", — цытуе БелаПАН словы Жукоўскага.

Ён таксама паведаміў, што на каманду ў суд падаў былы паўабаронца каманды Аляксандр Цішкевіч, якога падазраюць у дачыненні да арганізацыі дамоўнага матчу. Ён судзіцца за тое, што яму не выплацілі заробак.