КДБ сёлета затрымаў 14 чалавек, абвінаваціўшы ў працы на замежныя разведкі

Іван Тэртэль

Іван Тэртэль

Ад пачатку 2025 года КДБ затрымаў 14 чалавек, якіх абвінаваціў у працы на замежныя выведкі. Пра гэта ў інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню ў нядзелю сказаў старшыня ведамства Іван Тэртэль.

Ён заявіў пра "масіраваную разведвальную дзейнасць" замежных спецслужбаў на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым, паводле яго, выкарыстоўваюцца спадарожнікі, радыёразведка, а таксама агентурная разведка.

"Толькі за 2025 год, за мінулы перыяд — у якасці адной з лічбаў — Камітэтам дзяржбяспекі спынена дзейнасць 14 асоб. Гэта грамадзяне Рэспублікі Беларусь і замежныя грамадзяне, якія ажыццяўлялі дзейнасць, звязаную са шпіянажам (гэта для замежнікаў) і здрадай дзяржаве (калі мы гаворым аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь)", — паведаміў кіраўнік спецслужбы.

Тэртэль сказаў, што замежныя разведкі цікавяцца вайсковай інфраструктурай, чыгункай, прадпрыемствамі ВПК, а таксама органамі ўлады.

Старшыня КДБ дадаў, што замежныя спецслужбы перыядычна звяртаюцца да беларускіх з прапановай перадаць затрыманых асоб. "Заўсёды кажам нашым калегам: "Давайце ўсё ж такі разумець адзін аднаго і не абвастраць сітуацыю". Як правіла, у практыцы спецслужбаў прымяняецца методыка, калі праводзіцца ўзаемны абмен затрыманымі асобамі. Пакуль нашыя замежныя партнёры нікога нам для абмену даць не могуць", — пракаментаваў ён.

Таксама Тэртэль падкрэсліў, што сярод 14 вызваленых у суботу ёсць асобы, затрыманыя за супрацоўніцтва са спецслужбамі. "Калі вы памятаеце, гэта грамадзяне Польшчы, Латвіі, некаторых іншых дзяржаў. Гэта жэст добрай волі. Мы паглядзім, як адкажа іншы бок", — сказаў ён.

Як паведамлялася раней, сярод вызваленых замежнікаў ёсць, напрыклад, грамадзянін Польшчы Ежы Жывалеўскі і грамадзянін Японіі Ніканісі Масатосі, асуджаныя па абвінавачанні ў шпіянажы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.