КДБ мог вывезці актывіста Бялюціна з Турцыі — экс-палітвязень Марцалеў

Затрыманне Паўла Бялюціна

Затрыманне Паўла Бялюціна / Беларусь 1

Затрыманага актывіста Паўла Бялюціна супрацоўнікі КДБ маглі вывезці з Турцыі. Такое меркаванне выказаў у сацсетках былы палітвязень Сяргей Марцалеў. Ён грунтуецца на тым, што ў прапагандысцкім тэлесюжэце фігураваў стамбульскі аэрапорт.

"Паводле інфармацыі маіх крыніц, хутчэй за ўсё ён быў арыштаваны на тэрыторыі Турцыі", — напісаў Марцалеў. Ён спаслаўся таксама на тое, што бялюцін доўгі час займаўся бізнесам з туркамі: купляў мужчынскую дзелавую вопратку, якую потым прадаваў на рэчавым рынку пад Мінскам.

"У яго ў Турцыі ўстойлівыя дзелавыя і таварыскія сувязі, ён мог знайсці праз сяброў там працу і легалізавацца. У ЕС пасля дэпартацыі з Літвы зрабіць гэта было б нашмат складаней", — мяркуе экс-палітвязень. Ён дадае, што Турцыя лічыцца адной з самых небяспечных краін для беларускіх палітуцекачоў, бо яе ўлады даўно супрацоўнічаюць з Лукашэнкам.

Бялюцін у 2024 годзе вылучаўся ў Каардынацыйную раду ад партыі "Народная грамада". Аднак неўзабаве высветлілася, што чалавек з такім жа імем і прозвішчам у 2017 годзе напісаў данос на Мікалая Аўтуховіча. Пасля гэтага яго выключылі са спісу кандыдатаў у КР, а таксама прыпынілі сяброўства ў партыі.

Марцалеў, які раней вёў тг-канал Аўтуховіча, кажа, што Аўтуховіч яшчэ ў 2020-м падазраваў Бялюціна ў супрацоўніцтве з беларускімі спецслужбамі. Таксама Марцалеў паведамляе, што ў партыю "Народная грамада" Бялюцін уступіў пасля эміграцыі ў Літву. Прывяла яго ў гэтую партыю Вольга Цішкевіч, якая пазней вярнулася ў Беларусь пасля скандалу з даносам у КДБ на блогера Эдуарда Пальчыса.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.