Кавалькову і Дылеўскага вінавацяць у арганізацыі страйкаў

Кавалькову і Дылеўскага вінавацяць у арганізацыі страйкаў

Затрыманых Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага вінавацяць у арганізацыі страўкаў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 24 жніўня паведаміла чалец прэзідыуму Каардынацыйнай рады Лілія Уласава. Пазней юрыст Максім Знак удакладніў, што гаворка ідзе пра арганізацыю несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.

Саму Уласаву вылікалі сёння на допыт у Следчы камітэт, які расследуе крымінальную справу на Каардынацыйную раду. Уласава адзначыла, што Каардынацыйная рада не ставіць перад сабой палітычныя задачы, а разглядае сябе як платформу для перамоваў.

Як распавядала Еўрарадыё, Кавалькову і Дылеўскага амапаўцы затрымалі зранку ў панядзелак каля прахадной МТЗ. 

Юрыст Максім Знак на прэс-канферэнцыі падкрэсліў, што грамадзяне Беларусі маюць шмат законных і мірных спосабаў бараніць свае правы. Ён звярнуў увагу на магчымасць адклікаць дэпутатаў, калі гэтыя дэпутаты не апраўдваюць чаканні выбаршчыкаў. 

Марыя Калеснікава звярнула ўвагу на ўчорашнія падзеі ў Мінску, калі са зброяй з'явіўся не толькі Аляксандр Лукашэнка, але і яго непаўналетні сын Мікалай. Яна папрасіла кампетэнтныя органы праверыць законнасць перадачы зброі непаўналетняму. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.